Канцэрт у ЦСАН Карэліцкага раёна ў межах дэкады “Залаты ўзрост” прайшоў пры поўным аншлагу

У дзявяты раз Гродзенская вобласць адзначае Міжнародны дзень пажылых людзей з 24 верасня па 3 кастрычніка дэкадай “Залаты ўзрост”. Шмат цёплых і незабыўных падзей праходзіць на працягу гэтых дзесяці дзён і на Карэліччыне. Па традыцыі адным з першых эстафету душэўных сустрэч з прадстаўнікамі старэйшага пакалення прыняў 27 верасня Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна.

  

Канцэртная праграма сабрала поўную залу карэліччан, за плячыма якіх багаты жыццёвы вопыт, а ў сэрцы – невычарпальная крыніца радасці і бадзёрасці.

“У Карэліцкім раёне мы імкнемся, каб пасля выхаду на пенсію нашы людзі ў кожным новым дні маглі знайсці для сябе штосьці цікавае. І мы надзвычай удзячныя вам не толькі за працоўныя здабыткі, але і за тое, што зараз на заслужаным адпачынку вы так актыўна ўдзельнічаеце ў грамадскім і культурным жыцці малой радзімы. Хай і надалей гэты запал у вашым сэрцы не гасне, а толькі разгараецца мацней”, – звярнулася да прысутных з прывітальным словам начальнік упраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш.

Багата кампліментаў у адрас старэйшага пакалення прагучала і ад дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інесы Семібратавай“Мы рады, што наша ўстанова стала для вас тым самым утульным месцам, дзе хочацца праводзіць час, самаўдасканальвацца ды проста збірацца за гарбатай і гаварыць па душах. Асабліва хачу звярнуць увагу на вашу актыўнасць. Так, на базе Цэнтра створаны самыя розныя аб’яднанні па інтарэсах, але вы заўжды здзіўляеце нас новымі ідэямі. У будучым, упэўнена, нас разам з вамі чакае шмат унікальных праектаў і пачынанняў. Ваш залаты ўзрост – наш каштоўны скарб”.

Выключным падарункам стала для гасцей свята канцэртная праграма. Яе вядучая – загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Вольга Жук – запрасіла прысутных у свет музыкі. Юныя і дарослыя артысты Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваўРЦКіНТ і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі зачаравалі прысутных прыгожымі спевамі і мелодыямі. Творчую эстафету падтрымала старэйшае пакаленне і яскравымі нумарамі паказала, як з дапамогай ЦСАН з карысцю і з душой праводзіць час на заслужаным адпачынку. І нават калі прагучалі фінальныя акорды канцэрта, мелодыя свята не пакінула прысутных.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website