Пра дзейнасць у студатрадзе ўзгадвае Ірына Шляхтун
Студатрадаўскі рух даўно стаў папулярным на Астравеччыне. Школьнікі ахвотна карыстаюцца магчымасцю падзарабіць летам, а папрацаваць на пляцоўку будаўніцтва АЭС не першы год прыязджаюць студэнты з Беларусі і Расіі. Але ці ведаюць сучаснікі, якімі былі байцы мінулага стагоддзя і чым кіраваліся, едучы на будоўлю за сотні кіламетраў. Сёння ўспамінамі пра камсамольскую маладосць і лета ў студатрадзе “Алеся” падзялілася старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.
– Маладыя, ініцыятыўныя, няўрымслівыя, мы прагнулі новых уражанняў, імкнуліся пакараць нязведаныя гарызонты і прыносіць карысць. І, канешне, кожны студэнт-камсамолец марыў на лета папоўніць рады студатрадаўцаў. Асабліва прыярытэтна было трапіць на Усесаюзную будоўлю і паехаць працаваць за межы сваёй рэспублікі. Гэтае памкненне моладзі не было прымусам ці пастаўленай некім умовай – жаданне прыдачыніцца да спраў, што рабіліся ў вялікай дзяржаве СССР, было шчырым, ад душы. Дарэчы, у студатрады бралі далёка не ўсіх. Каб стаць байцом, трэба было здаць добра сесію, прайсці медкамісію і быць годным камсамольцам.
Быў 1976 год. Я вучылася ў Гродзенскім педагагічным інстытуце на факультэце беларускай філалогогіі. Пасля першага курса нам з дзяўчатамі, а філалогія, як вядома, прэрэгатыва жаночая, таксама вельмі хацелася адчуць рамантыку работы ў студатрадзе. І неўзабаве з’явіўся дзявочы будаўнічы атрад нашай групы “Алеся”, у якім я стала камісарам. Чаму менавіта такую назву прыдумалі? Незадоўга да гэтага папулярнае ВІА “Песняры” выканалі песню “Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся”, якая хутка стала хітом. Яна была не толькі мілагучнай і шчырай, але ўвасабляла сабой беларускасць. А мы ж дзяўчаты-беларускі! Вось так і прыдумалі назву.
Нам не давалі спецыяльныя робы, дык мы з дзяўчатамі скінуліся са стыпендыі і купілі ваенныя кашулі колеру хакі. Самі зрабілі і трафарэты. Так з дапамогай фантазіі, творчасці, кемлівасці і добрай фарбы на спінах рабочых кашуль з’явіліся назва атрада і жаночы профіль.
На працу нас адправілі ў вёску Вялікае Мажэйкава ў аднайменны саўгас, што ў Шчучынскім раёне, размясцілі ў школе. Гаспадарка спецыялізавалася па вырошчванні лекавых траў. Ніколі не забуду першае ўражанне. Нас прывезлі збіраць рамонкі. Стаяў цудоўны сонечны летні дзень. А перад табой – бясконцасць бела-жоўтага палатна і водар такі, што кружыцца галава. Было адчуванне, што мы трапілі ў казачную краіну. Такую прыгажосць немагчыма апісаць словамі.
Злёгку адурманеныя ад убачанага мы кінуліся да працы. Брыгадзір дала спецыяльныя грэбкі, памерам з шуфаль, якімі мы збіралі толькі галоўкі рамонак. Трэба было набраць адпаведную норму, затым завезці здаць на сушылку – словам, за дзень мы нацягаліся так, што вечарам ледзь дайшлі да ложкаў. Але нічога, праз некалькі дзён прывыклі. Яшчэ збіралі календулу, бачылі палі жэньшэню, валяр’янкі – і кожны раз дух захопліваў ад яркасці фарбаў і натуральнай прыгажосці.
Вядома, не кожны дзень быў ласкавым на надвор’е – не раз давялося прамокнуць, а бывала, што і наогул з-за дажджу не выходзілі на працу. Але сумаваць не было калі! Прыйдзем з працы, памыліся-паелі – і за справы. Мы арганізоўвалі канцэрты і творчыя вечарыны, малявалі афішы і выязджалі ў невялікія вёскі, дзе выступалі на вуліцы. Стасаваліся з мясцовымі жыхарамі і збіралі фальклор. Гэта быў вясёлы, непаўторны час, калі маладая кроў бурліла і патрабавала прыгод.
Мы былі смелымі і адстойвалі свае інтарэсы. Памятаю, нам вельмі хацелася салодкага і ў нядзелю, свой выхадны, мы заказвалі на абед нешта смачненькае – шакаладку, цукеркі, сок. Харчаванне ішло ў лік зарплаты. І калі атрымалі свае разліковыя лісты, слёзы нагарнуліся на вочы: салодкае добра ўдарыла па заробку. Некаторым дзяўчатам грошай толькі і хапіла, што на білет дадому. Аднак мы не адчайваліся: пайшлі да сакратара партыйнай арганізацыі саўгаса, а пасля разам з ім – да старшыні, дзе прасілі перагледзець нормы адпрацоўкі, заступаліся за сябровак. І нам пайшлі насустрач – пералічылі і дадому паехалі не з пустымі кішэнямі.
Той месяц працы ў атрадзе назаўсёды застаўся ва ўспамінах, як цудоўны вопыт і непаўторны час. Студатрадаўскі рух абавязкова павінен існаваць. Гэта школа самастойнасці, загартоўка характару, стасункі і сяброўства, спазнанне кошту працы і заробленых грошай. І калі я бачу ў нашым горадзе школьніка-студатрадаўца ці студэнта-байца, шчыра радуюся. Каму, як не маладым, працягваць добрую і карысную справу!
Текст: Марина Мацкевич