Ветэраны Астравеччыны трымаюць справаздачу
Як паведамляе газета «Астравецкая праўда», ва ўсіх 23 пярвічках Астравецкай раённай ветэранскай арганізацыі ўжо адбыліся выніковыя справаздачныя сходы. Праводзіліся яны пры строгім выкананні санітарных патрабаванняў і з захаваннем мераў бяспекі. Прэзідыум раённага савета ветэранаў прыняў рашэнне аб выбранні ўпаўнаважаных і дыстанцыйным абмеркаванні вынікаў дзейнасці за справаздачны перыяд.
Аб зробленым і дасягнутым – гутарка са старшынёй раённага савета ветэранаў Ірынай Баляславаўнай Шляхтун.
– Дзейнасць нашых пярвічак навідавоку: людзі, сталыя гадамі, але маладыя душой не адхіляюцца ад грамадскага жыцця. Яны актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных акцыях і мерапрыемствах падчас падрыхтоўкі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі, разам з моладдзю наводзілі парадак ля помнікаў і брацкіх магіл. Па ініцыятыве ветэранскай арганізацыі і Варнянскага сельсавета ўстаноўлены помнік на магіле невядомага савецкага лётчыка. Новы помнік замест старога з’явіўся на магіле ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Ганны Пятроўны Сітнікавай. Алею ў гонар былога франтавіка, кавалера двух ордэнаў Славы Мікалая Пятровіча Кажамякіна пасадзілі працаўнікі лясгаса. З удзелам ветэранаў, вядома.
– Нашы ветэраны ездзілі на экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі, – гаворыць Ірына Баляславаўна. – Яны не толькі прысутнічаюць на розных культурных і спартыўных мерапрыемствах, але і ўдзельнічаюць у іх. Дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах. Гэта, найперш, народны хор ветэранаў «Вясёлка» на чале з Данутай Адольфаўнай Папеняй, клуб «Актыўнае даўгалецце» пры раённай бібліятэцы, ім кіруе Данута Францаўна Чарнушэвіч. Падобнае ветэранскае згуртаванне ёсць у Варнянах, збіраецца ў аддзеле культуры і адпачынку пад кіраўніцтвам Людмілы Іванаўны Кухарэвіч. Пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічаюць вакальная група «Аксаміткі» (кіраўнік Васіль Антонавіч Карпец) і танцавальны калектыў «Чаромушкі» (харэограф Тамара Іванаўна Батура). Адметны творчасцю вакальны гурт «Жыльвіціс» Рымдзюнскага цэнтра літоўскай культуры і мастацтва.
Ветэраны вядуць выхаваўчую патрыятычную работу з моладдзю і школьнікамі, арганізуюць сумесныя мерапрыемствы. Гэта людзі, багатыя на творчую энергію, якую імкнуцца спаўна рэалізаваць. І ў тым яны знаходзяць падтрымку органаў раённай улады, сваіх працоўных калектываў.
На жаль, адыходзячы год быў менш насычаным і выніковым, чым папярэдні. Пандэмія COVID-19 унесла карэктывы ва ўсе сферы жыцця. Як вядома, каронавірус найбольш небяспечны для людзей 65+, у якіх здароўе слабейшае. Таму давялося адмовіцца ад масавых мерапрыемстваў, больш часу знаходзіцца дома. Клопат аб надзённых патрэбах пажылых ўзялі на сябе валанцёры, а стасункі сталі падтрымліваць па тэлефоне.
Грамадскае жыццё выявіла ў шэрагах ветэранаў найбольш актыўных, творчых, дзейных людзей. Як правіла, яны становяцца лідарамі. Сёлета новыя старшыні выбраны больш чым у палавіне пярвічак. Так, члены гарадской тэрытарыяльнай арганізацыі назвалі сваім «камандзірам» Уладзіміра Паўлавіча Мартынава, КСУП «Гервяты» – Уладзіміра Андрэевіча Грэгуша, КСУП «Гудагай» – Марыю Іванаўну Безляповіч, Астравецкай ЦРКБ – Дануту Раманаўну Субаткевіч, а старэйшыя работнікі і пенсіянеры райгазу пажадалі бачыць лідарам Марыю Нікадзімаўну Ігнатовіч. Новыя старшыні ў пярвічках у КСУП «Міхалішкі» і саўгаса «Падольцы», дачэрняга прадпрыемства «Сельгастэхніка», сярэдніх школах №1 і №2, аўтапарка, філіяла Белтэлекама і некаторых іншых. А ветэранская арганізацыя райвыканкама зноў аднагалосна прагаласавала за Наталлю Уладзіміраўну Волк-Леановіч.
На справаздачна-выбарчай канферэнцыі, правесці якую мяркуецца напачатку будучага года, дзейнасць раённага грамадскага ветэранскага згуртаваня, напэўна, будзе прааналізавана больш дэталёва. Але задачы застаюцца нязменнымі: увага і клопат аб людзях шаноўнага ўзросту, дапамога ім у жыццёвых патрэбах, маральная падтрымка; удзел у грамадска-патрыятычным выхаванні насельніцтва, шырока выкарыстоўваючы ў гэтай рабоце гераічныя і працоўныя традыцыі народа, вопыт работы пакаленняў.
http://www.ostrovets.by/