Як Ціхаволя землякоў сустракала…
Бліжэй да трынаццатай гадзіны ў нядзельку ў Ціхаволю пачалі з’язджацца аўтамабілі і веласіпеды. Хто жыве бліжэй, крочыў пешшу. Куды ж усе, крыху хвалюючыся, так спяшаліся? Вядома, на фестываль “Сустрэча землякоў”, які абяцаў падарыць кожнаму шчырыя ўсмешкі, успаміны, радасць ад абдымкаў з сябрамі дзяцінства, адпачынак ад паўсядзённых клопатаў і проста добры настрой.



Для кожнага з нас самы любімы і дарагі той куток зямлі, дзе нарадзіўся і вырас, дзе ад людзей набіраўся жыццёвай мудрасці, працоўнай сталасці, сэрцам адчуў хараство і сілу малой радзімы. Такім запаветным месцам для тых, хто сабраўся ў Ціхаволі, стала гэтая белавежская зямля. “Рудня, Нямержа і Доўгі Барок, Тушамля, Броўск, Ціхаволя – колькі жа гэтых вясковых дарог звязаны ніццю адною!” – лепей, чым вядучыя гэтага вялікага мерапрыемства, работнікі мясцовага клуба Таццяна Казакевіч і Святлана Цясноўская, пэўна, і не скажаш.


Атрыбуты любога свята – гэта віншаванні, добрыя пажаданні і ўзнагароды. На пляцоўцы, што сабрала землякоў, іх было нямала. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, які падкрэсліў, што на Свіслаччыне шмат таленавітых людзей, а кожная мясцовасць мае сваю адметнасць і традыцыі. Гэтае мерапрыемства, адзначыў Віктар Аляксеевіч, дорыць магчымасць сабрацца разам даўнім сябрам, аднавяскоўцам. Пушчанская зямля дала пуцёўкі ў жыццё многім людзям, якія зараз на розных пасадах садзейнічаюць умацаванню сваёй радзімы – вялікай і малой. Сустрэчы землякоў вельмі важныя, яны дапамагаюць не забываць свае карані, сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Напрыканцы Віктар Аляксеевіч уручыў Падзячны ліст за актыўную жыццёвую пазіцыю старасце вёскі Рудні Рамуальдзе Акудовіч. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны стараста вёскі Тушамлі Віталій Іванюк.



Вітаў землякоў старшыня Дабравольскага сельвыканкама Віктар Філіновіч. Добрыя словы ў адрас людзей, з якімі побач жыве і працуе, Віктар Міхайлавіч падмацаваў узнагародамі. Так, удзячнасць раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у грамадскім жыцці аб’яўлена Святлане Перавой, Святлане Цясноўскай і Святлане Гутар. Дыпломам Беларускага фонда міра за прапаганду і практычнае ўвасабленне ў жыццё ідэй гуманізма, міласэрнасці і спачування адзначана Таццяна Казакевіч.


Прыемныя сюрпрызы падрыхтавала для аднавяскоўцаў Тарэза Іванюк, у мінулым інспектар па кадрам калгаса “Пагранічнік”, а зараз лідар ветэранскай арганізацыі. Тарэза Уладзіміраўна па даручэнню райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК уручыла Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне раёна Вользе Абушкевіч. Далучылася да віншаванняў аграрыяў і УП “ВМК-АГРА”.

Шчырыя прывітанні слалі землякам былы старшыня Дабравольскага сельсавета Таццяна Ярашэвіч, ураджэнка Рудні Зоя Карпук (вядомая ў раёне паэтка, яна і свята ўпрыгожыла сваімі кранальнымі вершамі), Галіна Захарава, гродненка, што не забывае пра бацькоўскую хату ў Ціхаволі.







Утульна тут было. Трэба аддаць належнае арганізатарам і… удзельнікам выстаўкі кветкавых кампазіцый. “Рапсодия под фонарем” Людмілы Філіновіч і яе ўнучкі Ангеліны (в. Ціхаволя), “Расцвет красоты” Ірыны Барэль (в. Рудня), “Цветочная фантазия” Валянціны Жукавай (в. Рудня), “Цветы наших полей” Тарэзы Іванюк (в. Тушамля), “Летняя лужайка” Наталлі Гайдучэні і яе дачкі Вікторыі (в. Ціхаволя) – гэта трэба было бачыць! Усе творцы атрымалі памятныя падарункі за свае старанні. Нельга было адвесці вачэй (не кажучы пра апетыт) ад караваяў, ад якіх літаральна ламіўся стол. Што казаць – славіцца гэты край каравайніцамі, без выпечкі якіх не абыходзіцца ніводнае мясцовае свята. Самая старэйшая з іх – Ганна Серада. Талентам вырабляць з цеста шэдэўры валодае і Ірына Прытульчык. Пераймаюць традыцыі кулінарыі маладзейшыя жанчыны – Зоя Галецкая, Галіна Шыманюк, Алена Філіновіч, Валянціна Пракопчык – і таксама здзіўляюць. За гэта ім – павага і гонар.

Радасна, што жыве вёска. І не проста жыве, а прыгажэе. Дзякуючы руплівым гаспадарам, якія ва ўсім імкнуцца да парадку, шмат увагі надаюць добраўпарадкаванню сваіх падворкаў. Гэта таксама не выслізнула з поля зроку ўладкавальнікаў свята. Івану Філіновічу, Віктару Кандратовічу і Юрыю Казакевічу ўрачыста ўручаны шыльдачкі “Дом высокай санітарнай культуры”.

Так, здаецца, усе ўзнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў. Пара дадому? Не! Дзеці толькі-толькі ўвайшлі ў раж, скачучы на батутах, вымалёўваючы тварыкі ў майстра аквагрыму, ласуючыся салодкай ватай і блінамі з варэннем. Дарослыя вырашылі паспрабаваць юшкі і грыбнога супу, іншыя – набыць сувенір у свіслацкіх рамеснікаў. Свята ў самым зеніце. Хвалю ўзнёслага настрою падхапілі лепшыя творчыя калектывы раёна. А потым кінулі кліч: “А хто на фольк-дыскатэку?” Ну якое там “дадому”?!








Фестываль паказаў, што большасць з нас звязаны са сваёй малой радзімай не толькі мінулым, але і сённяшнім часам. Цёплая сяброўская нітка, якая працягнулася ў гэты дзень да роднай вёскі, зноў аб’яднала землякоў і падарыла надзею на новую сустрэчу.

Уладзімір РАМАНЧУК, пенсіянер, жыхар в. Тушамлі:


 Нарадзіўся я ў Тушамлі. Гэта (паказвае рукой на будынак былой Ціхавольскай БШ) – мая школа. Потым армія – і ў Мінск. Там за рулём аўтобуса па гораду ўсё жыццё. Не так даўно вырашылі ў бацькоўскую хату пераехаць. Горад – гэта не тое, тут лепш. Ужо дзве зімы перазімавалі. Свята падабаецца. Можна з людзьмі сустрэцца, пагутарыць (а так усе занятыя, у рабоце, у вёсцы яе многа). З’ехаліся родзічы, знаёмыя. Мне ўсе практычна знаёмыя тут. Нібы на сямейнае свята трапіў.

Браніслаў ДЗІЧКОЎСКІ, старшыня Ханявіцкага сельвыканкама:


 Я прыехаў, каб падтрымаць свайго сябра, калегу Віктара Міхайлавіча Філіновіча. Атмасфера прыемная. Па дзесяцібальнай сістэме можна паставіць мерапрыемству дзясятку з плюсам. Мне ж асабіста па душы песні, родныя, беларускія. На людзей люба паглядзець – усе вясёлыя, усе задаволеныя, што сюды прыйшлі. Караваяў многа. Ханявіцкія дзяўчаты больш бліночкі пякуць. Учора на нашым свяце “Ханявіцкія бліночкі” бліноў было ўдосталь, а сюды прыехаў паспрабаваць караваяў. Сёння, дарэчы, Дзень моладзі. Прыемна, што тут так многа маладых і дзетак. У гэтым наша будучыня.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

https://svisgaz.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website