Дэлегацыя Ваўкавыскага раёна пабывала на велізарным форуме патрыятычных сіл “Сімвал адзінства”, які адбываўся на “Мінск-Арэне”
17 верасня, у Дзень народнага адзінства, давялося пабываць на велізарным форуме патрыятычных сіл “Сімвал адзінства”, які адбываўся на “Мінск-Арэне”. Сюды з’ехаліся дэлегаты з усіх канцоў Беларусі, сярод іх і дэлегацыя Ваўкавыскага раёна.
Шквал эмоцый, усе шчыра вітаюць Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Ён, выкарыстоўваючы гістарычныя факты, растлумачыў падставы ўстанаўлення новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. Прамова шмат разоў перарывалася бурнымі апладысментамі.
Відовішча, у якое стваральнікі ўклалі не толькі свае веды, але і душу, выклікала пачуцці гонару і радасці за свой народ, за шчаслівых дзяцей — іх было вельмі многа сярод удзельнікаў канцэрта, і яны праслаўлялі свой край цудоўнымі песнямі, танцамі. А я, пражыўшы амаль ужо жыццё і параўноўваючы былы час з цяперашнім — убачыла зусім выцвіўшыя старонкі летапісу свайго пасляваеннага дзяцінства. І гэта — нібы сон са шчаслівым канцом. Бо змянілася ўсе на добры лад, усё радуе сэрца. І хочацца, каб гэтыя акорды дабрыні і святла жылі і жылі далей, і разгараліся ў вялікі ансамбль добрых падзей і міласэрнасці чалавечых душ.
Свята працягвалася на чатырох пляцоўках адначасова. Колькі аздаблення, святла і прадуманасці! А як радаваліся гледачы выступленням народных ансамбляў на роднай матчынай мове, бо гэта скарб народа, яго залаты фонд. Ганарымся, што ў гэтай імпрэзе ўдзельнічаў і ансамбль “Сваякі” ДК аграгарадка Юбілейны Ваўкавыскага раёна.
Усё да кропелькі было прынята пад увагу: сувязь пакаленняў, роля сям’і; бо, як кажуць, “без сям’і няма дзяржавы”. Гонар грамадства — дынастыі, народныя звычаі, крылатыя радкі нашых славутых пісьменнікаў, паэтаў, якія сваей творчасцю на працягу гісторыі аздаблялі зямельку пад белымі крыламі.
А які глыбокі сэнс ляжаў у аснове акцыі, з якой у сталіцу вярнуліся ўдзельнікі аўтапрабегу і прывезлі збожжа — па жмені з розных куточкаў краіны — сімвал дабра і адраджэння. А калі ўсе зоркі сцэны заспявалі разам: “Любімую не аддаюць” — гэта гучала як трыумф, радасць са слязьмі расчуленасці.
Вяртаючыся дамоў, мне хацелася задаць кожнаму са шчаслівых удзельнікаў дэлегацыі пытанне: “Ці можам шчыра сказаць, што сваімі словамі, дзеяннямі, працай годныя гэтай пашаны, і ці будзем і надалей сеяць зерне павагі, дабрыні і міласэрнасці, каб прыгажэў і багацеў наш край? Ці будзем памятаць, што “Разам — мы сіла”? Давайце не губіць свой шанс быць карыснымі для нашай Радзімы.
Хачу падзякаваць арганізатарам за гэтую паездку і ўсім пажадаць дабра і супакою душы. Няхай дапаможа нам Бог рабіць гэтае дабро.
Алена БЛАЖЫЕЎСКАЯ
https://volkovysknews.by/