Ёсць месца дабрыні, чалавечай салідарнасці і актыўным дзеянням

 

Колькі часу жыве памяць?

З пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая забрала жыцці кожнага чацвёртага беларуса, мінула больш за восем дзесяцігоддзяў. Аднак і сёння баляць незагойныя раны на целе нашай Радзімы. Не выключэнне і Дзятлаўшчына: расстраляныя мірныя жыхары, спаленыя вёскі, на месцы якіх устаноўлены мемарыялы, як напамін аб трагедыі, як знак народнай пашаны і смутку.

У сельвыканкамах Дзятлаўскага раёна асаблівую ўвагу надаюць захаванню помнікаў салдатам і мірнаму насельніцтву, загінулым у ваенны час. У вёсцы Гарадкі Казлоўшчынскага сельсавета ёсць свой невялікі “абеліск”, усталяваны тут пасля вайны ў памяць аб знішчаных фашысцкімі карнікамі ў снежні 1942 года больш за 400 мірных жыхарах.

Сучасныя гарадкоўцы і жыхары сельсавета не мінаюць гэта месца, прыходзяць, ускладваюць кветкі ў знак памяці аб сваіх земляках. Пару гадоў таму мясцовыя жыхары арганізавалі збор сродкаў і замацавалі на стэле дзве гранітныя таблічкі з імёнамі загінулых. Пры актыўным удзеле работнікаў сельвыканкама і валанцёраў з году ў год помнік падтрымліваецца ў належным парадку. Аднак гэтых мераў сёння аказваецца мала.

– Час не шкадуе помнікі, якія ўсталёўваліся яшчэ ў савецкі час у памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх патрабуюць рэканструкцыі, – растлумачыў сітуацыю старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. – Таму з ініцыятывы сельвыканкама і мясцовых жыхароў, якая была падтрымана раённай уладай, вырашылі адрамантаваць адзін з такіх помнікаў, што знаходзіцца ў вёсцы Гарадкі.

Найперш “рэанімацыі” патрабавала дарожка да манумента даўжынёй каля дваццаці метраў, якая знаходзілася ў непрыглядным стане. Яе вырашылі цалкам замяніць. Сродкі на набыццё тратуарнай пліткі, бардзюраў і будаўнічых матэрыялаў былі выдаткаваны з сабраных на раённым суботніку, “рабочая сіла” знайшлася з нераўнадушных жыхароў Казлоўшчынскага сельсавета. На працягу паўтара тыдня вяліся работы: заклалі новую дарожку, абнавілі агароджу вакол помніка. Працавалі Аляксандр Лішык, Віталь Пацынка, Сяргей і Ігар Кучынскія разам са старшынёй Вадзімам Бяляткам.

У далейшым работа па рэканструкцыі помніка будзе прадоўжана: ёсць намер да 80-й гадавіны трагедыі ў Гарадках адрамантаваць і саму стэлу. На наступны год рамонт будзе праведзены і на яўрэйскім пахаванні паблізу вёскі Маськаўцы.

– Хачу падзякаваць усім нераўнадушным людзям, якія разумеюць важнасць захавання нашай гісторыі, – сказаў кіраўнік сельвыканкама.

Работа па рэканструкцыі помнікаў салдатам і мірнаму насельніцтву, загінулым у Вялікай Айчыннай вайне, бесперапынна вядзецца на Дзятлаўшчыне, як даніна павагі сваім землякам. Каб нашчадкі помнілі. Каб было куды прыйсці і пакланіцца.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлена Вадзімам Бяляткам

Главная NewsPortal

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website