Лёсы Вялікай Айчыннай: стралок Баляслаў Макевіч прапаў без вестак

Усё, што засталося на памяць пра брата ў 90-гадовай жыхаркі Каранят Яніны Бабіч, – фотаздымак. Ды дзіцячыя згадкі пра яе Болюську і пра тое, як доўга яны з маці і сёстрамі чакалі свайго кармільца з вайны. Не дачакаліся… 

Наш зямляк, франтавік Баляс­лаў Антонавіч Маке­віч прапаў без звестак у Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі Польшчы.

«Каб памёр – ведалі б, што не вернецца, а як прапаў без вестак – надзея была, што ўба­чымся, што некалі прыйдзе да роднай хаткі», – вяртаецца думкамі ў мінулае Яніна Антонаўна. І, нібы гартаючы асобныя старонкі свайго жыцця, пачынае расказваць:

– Мы мясцовыя: родам з Каранят. Нас у бацькоў – Антона і Мальвіны Макевічаў – было пяцёра, Болюська – адзіны хлопчык, а я самая меншая. Брат нарадзіўся ў 1919 годзе. Прыгожы быў хлопец, высокі і добры. На плячах мяне, малую, насіў: пасадзіць – ды бягом да гумна і назад.  з Плехацяў меў. А як ішоў на танцы, усё штаны ў «ёлачку» адзяваў – модзіўся…

Мне 9 гадоў было, як Болюську ў  Чырвоную армію забралі. Ён жа не на вайну пайшоў – прызвалі ў 1940 годзе. Провады яму справілі… Думала: ну, пайшоў ды вернецца…

А тады пачалася вайна. Калі ў вёсцы пра гэта пачулі, галасіць сталі –  я не разумела, чаго плачуць: ну вайна – і што?

– Тады без звестак прапала 7 чалавек… – гаворыць Яніна Бабіч. – Брат пісаў лісты дадому – на жаль, нічога не збераглося. Хто ж тады думаў, што яны могуць стаць хоць нейкім напамінам пра нашага Болюся! У адным з апошніх лістоў напісаў «мамачка, я ўжо блізка» (гэта значыць, на польскай зямлі ўжо быў. – Я.Б.). Хутка, можа, спаткаемся».

– А потым мама атрымала даведку, што прапаў без звестак ён. Але гэта ж не памёр. Як жа мы спадзяваліся! Як чакалі!.. Мама ад кожнагу шолаху ўздрыгвала: кот прайшоў ці дзе хто стукнуў, а яна ўсё думала, спадзявалася, што Болюсь ідзе. Божа-Божачка… – гаруе жанчына. – Потым маме плацілі 6 рублёў – па страце кармільца. Тата ж наш памёр даўно – у 1933-м, мне 2 гадкі было. Болюсь стаў у 14 гадоў гаспадаром. Мы, дзяўчаты, усялякую работу рабілі – і жаночую, і мужчынскую. Маміныя браты – Адам і Пятрук – з Буцюрмоў пры­язджалі дапамагаць: гной вывезці з хлявоў, зямлю апрацаваць. Адзін мамін брат то малака прывязе, то тварагу перадасць нам – падтрымлівалі як маглі. Мы сваю карову трымалі, але не было чым карміць яе, каб давала мала­ко, толькі што жывая стаяла…

– … Я цяпер разумею, што памёр Болюська там… Імшу за спачын яго душы заказваю заўсёды, свечачку паміж магіламі бацькоў за яго запальваю і кветкі кладу, – расказвае сястра франтавіка і дрыжачым ад слёз голасам дадае: –  Мару, каб хто прывёз жменьку зямлі з таго месца, дзе ён прапаў, – насыпаць яе каля магілак бацькоў – бліжэй быў бы да нас, да сваёй роднай зя­мелькі… Імя майго брата занесена на помнік загінулым землякам у Падольцах – значыць, пра яго помняць.

Яніна Антонаўна з роднымі доў­га жылі надзеяй на спатканне, ча­каючы свайго Болюську з вайны. Не дачакаліся. І хоць мінула з таго часу амаль 80 гадоў, баліць па браце душа і цяпер. Моцна.


Дзе і ў якіх войсках служыў Макевіч да Вялікай Айчыннай, а таксама калі трапіў на фронт, яго сястра не ведае. З дакументальных звестак, якія ўтрымліваюцца на сайце «АБД «Мемарыял» – «Памяць народа», вядома, што Баляслаў Антонавіч Макевіч, ураджэнец вёскі Караняты Свянцянскага павета Вілейскай вобласці, прызваны Сталінскім райваенкаматам на зборна-перасыльны пункт Масквы 5 лістапада 1943 года. Воінскае званне – радавы.

А 6 лістапада таго ж года ён выбыў у 1-шы Польскі корпус.

Апошняе месца службы стралка Макевіча – Польшча: 2-гі пяхотны полк 1-ай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, г. Дэмблін, Рыцкі павет Люблінскае ваяводства.

У даведцы, накіраванай камандаваннем часці ў Свянцянскі райваенкамат, гаворыцца, што 2 жніўня 1944 года наш зямляк прапаў без звестак «у раёне крэпасці Дэмблін на левым беразе Віслы».



 

Текст: Рита Дремо

Фото: Рита Дремо
http://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website