Лёсы Вялікай Айчыннай: пасля забойства гітлераўцамі жонкі Пётр Гаўрыловіч пайшоў у партызаны
Для міхалішкаўскай школьніцы Ангеліны Моўчан удзел ва ўрачыстасцях па ўшанаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны мае асаблівае значэнне – прадзед дзяўчыны быў партызанам.
– Мой дзядуля Пётр Кузьміч Гаўрыловіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1922 года ў вёсцы Вецера Віцебскай вобласці, – расказвае праўнучка ветэрана. – У партызанскі атрад, які знаходзіўся ў бягомльскіх лясах, ён пайшоў у 1941 годзе, пасля таго, як забілі яго жонку. Гэта зрабілі фашысты, яны адсеклі галаву жанчыне і павесілі яе на плот…
Як сведчаць дакументы, у той час у Бягомльскім раёне дзейнічалі групы створанага на Лагойшчыне атрада «Рамана». Пазней ён пашырыўся ў брыгаду, якая восенню 1942-га была перайменавана ў гонар героя грамадзянскай вайны Анатоля Жалезнякова.
– У 1942 годзе прадзед ужо быў у складзе брыгады «Жалязняк», тады ж атрымаў цяжкае раненне – застаўся інвалідам. За баявыя заслугі Пётр Кузьміч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, – працягвае Ангеліна. – Пасля вайны дзядуля вярнуўся ў родныя мясціны. Ажаніўся з маёй прабабуляй Таццянай, у якой ужо было дзіця – сын Аляксандр. У іх нарадзілася 3 дачкі – Ала, Ніна, Тоня і 4 сыны – Юзік, Толік, Пеця і Сярожа. Маці расказвала, што дзед умеў рабіць адмысловыя валёнкі.
Пётр Гаўрыловіч пакінуў гэты свет на 85-м годзе жыцця – 6 ліпеня 2007 года. Пахаваны ў Докшыцах.
Сям’я ветэрана беражэ памяць пра абаронцу Айчыны, а яго праўнучка Ангеліна лічыць сваім абавязкам удзельнічаць ва ўрачыстасцях, прысвечаных Вялікай Перамозе, і несці партрэт дзядулі.
Фота аўтара, з архіва Я. Бабіч і А. Моўчан.
Текст: Рита Дремо