Як шчучынцы сустракалі

Стары новы год, сабраўшыся ў кінатэатры на рэтра-вечарыну

 

 

Аказваецца, калісь усімі любімы “Блакітны агеньчык” можа і сёння грэць душу старэйшага пакалення. Ды не толькі з экрана тэлевізара! Удзельнікам падобнай інсталяцыі можна было стаць рэальна, завітаўшы ўчора ў Шчучынскі кінатэатр. Што і зрабілі актывісты некаторых ветэранскіх “пярвічак”, атрымаўшы запрашэнне ад арганізатараў рэтра-вечарыны “Навагоднія агні збіраюць сяброў”.

 

Творчая каманда РЦКіНТ падрыхтавала цудоўную праграму, прадумаўшы ўсё да дробязі: ад прыгожага афармлення столікаў з хваінкамі да дэманстрацыі фрагментаў любімых навагодніх кінастужак. Вядучая Алена Ушкар вельмі цёпла і шчыра дзялілася сваімі навагоднімі ўспамінамі дзяцінства і нейкім неверагодным чынам – няйначай, як “залатым ключыкам” адчыняла сэрцы прысутных. І вось ужо былыя завадчанкі (усім колішнім планавым аддзелам “Аўтапровада” яны прыйшлі ў кінатэатр!) узгадваюць, як юнымі Сняжынкамі кружылі на карнавале.

 

  

 

— “Блакітны агеньчык” пачынае сваю гісторыю з 1964 года. А дзе Вы знаходзіліся на той час? – задае пытанне вядучая ўбеленаму серабром джэнтльмену.

 

— Тады я амаль год ужо працаваў на заводзе “Аўтапровад”. Трапіць у працоўны калектыў гэтага прадпрыемства было вельмі няпроста. Спачатку мне, учарашняму армейцу, нават адмовілі, але я праявіў настойлівасць, — расказвае 83-гадовы Тадэвуш Фядзюк. – Зрэшты 37 год аддаў заводу. Гэта маё адзінае месца работы! На заслужаны адпачынак ішоў, пакідаючы пасаду інжынера-тэхнолага. Столькі год прайшло, а цікаўлюся заводскімі справамі па-ранейшаму. Для душы ў мяне – мастацкая самадзейнасць і любімы хор “Промень”.

 

   

 

Увогуле за кожным столікам – свае гісторыі. На сустрэчу з сябрамі ў “шчодры вечар” прыйшлі не толькі завадчане, але і прадстаўнікі будаўнічай галіны, педагогі, падзвіжнікі турызму, творчая інтэлігенцыя… Свае лепшыя песні ім дарылі ў гэты вечар Дзмітрый Паноў і Дзмітрый Паварга, Валянціна Маркевіч і Дар’я Бочка. А вось Вольга Аброшка выступіла ў ролі астролага і літаральна кожнаму знаку Задыяка наканавала столькі ўсяго, што толькі бяры на заметку! Не абышлося без карагодаў з Дзедам Марозам і Снягурачкай, каляднай варажбы, цукерак з прадказаннямі і навагодніх пачастункаў, а яшчэ — аптымістычных прагнозаў на год прадстаячы. Бо, па словах Алены Ушкар, не толькі ў мінулым варта заставацца: вельмі важна рухацца наперад!

 

      

— Ды ўсе мы нібыта ў сваю маладосць вярнуліся! Вялікі дзякуй за гэта нашым таленавітым работнікам культуры і дырэктару РЦКіНТ Святлане Жвірбля, — выказала свае пачуцці, сугучныя з думкамі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства, Валянціна Нікольнікава, якая не адзін дзясятак год прысвяціла выхаванню маленькіх шчучынцаў, узначальвала дзіцячы садок № 6, які быў лепшай дашкольнай установай раёна. – Хочацца пажадаць усім у новым годзе здароўя моцнага, веры і надзеі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

https://dzyannica.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website