Былая вязень канцлагера Соф’я Палуян адзначыла 90-годдзе
Дзяцінства Соф’і Цярэнцьеўны Палуян нельга назваць радасным – ад перажытага ў канцлагеры “Азарычы” яна і цяпер часам усхопліваецца па начах, а калі распавядае пра той час, не можа стрымаць слёз. Тым не менш, жанчына лічыць сябе шчаслівай: яна выжыла і атрымала магчымасць прачынацца і радавацца кожнаму новаму мірнаму дню. І сёння, 10 чэрвеня, Соф’я Цярэнцьеўна адзначыла 90-гадовы юбілей.
Павіншаваць жанчыну з гэтай датай і ўручыць падарункі прыйшлі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі “Белая Русь” і сектара культуры райвыканкама.
– Дарагая Соф’я Цярэнцьеўна, з юбілеем вас! Дзякуй за ваш вопыт, за тое, што вы побач з намі, дзеліцеся ўспамінамі і вучыце любіць і шанаваць простыя, але такія важныя рэчы. Нізкі паклон вам, здароўя, дабрабыту і сто гадоў жыцця! – павіншавала жанчыну старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.
Да пажаданняў далучыліся і астатнія госці, а Лаліта Валевіч з сектара культуры падрыхтавала імянінніцы музычны падарунак.
Марына МАЦКЕВІЧ
Текст: Марина Мацкевич