“Такога Дня народзінаў у мяне яшчэ не было!” Шчучынская мастачка, паэт і педагог Галіна Бяляўская прымае віншаванні з нагоды юбілею і 50-годдзя творчай дзейнасці

 

Роўна 50 год таму ў Шчучынскім Доме афіцэраў адбылася ўрачыстасць, на якой віталі маладых спецыялістаў, што прыехалі пасля вучобы працаваць у наш раён. Была сярод іх і Галіна Ліпская – выпускніца Ваўкавыскага педвучылішча. А ўчора, 26 мая, Галіну Прохараўну, цяпер ужо Бяляўскую, ушаноўвалі на творчай вечарыне ў гэтым жа велічным будынку, які таксама з цягам часу змяніў сваё “прозвішча” і стаў Палацам творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта тут сёння  працуе Г.П. Бяляўская як педагог дадатковай адукацыі, а яшчэ  як мастачка і паэтка, прывіваючы сваім выхаванцам не толькі добры густ і самыя разнастайныя навыкі, але і любоў да мастацтва, роднага слова, любоў да сваёй Бацькаўшчыны.

 

– Сёння мы адзначаем 70-годдзе з Дня нараджэння Галіны Прохараўны і 50-годдзе яе творчай дзейнасці, – абвяшчае вядучы вечара-партрэта Дзмітрый Паноў і на экране з’яўляюцца кранальныя фотаздымкі з вясковага дзяцінства і студэнцкіх гадоў, працоўных будняў педагога і незабыўна яркіх свят, дзе наша гераіня на пленэрах мастакоў і бардаўскіх фестывалях, у паходах і вандроўках, з сям’ёй і сярод любімых вучняў…

 

    

 

На юбілей да заслужанага чалавека сабралася багата шчучынцаў і гасцей з іншых гарадоў і аграгарадкоў. Прыйшлі калегі і шматлікая радня, сяброўкі і аднакурсніцы па педвучылішчы і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта, юныя мастакі-паслядоўнікі і проста прыхільнікі творчасці, сябры з клуба “Лад” і іншых творчых згуртаванняў.

 

 

Галіна Бяляўская, як вядома, з гонарам носіць званне лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”, была пераможцай конкурсу “Жанчына года” і многіх іншых абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў. Яе імя занесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна. Павіншаваць юбілярку прыйшла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, якая выказала словы падзякі Галіне Прохараўне за яе стваральную і натхнёную працу, шчырую любоў да роднай Шучыншчыны, выхаванне маладога пакалення на лепшых патрыятычных традыцыях. Ганна Станіславаўна ўручыла Г.П. Бяляўскай Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.

 

 

 

Чалавекам, з якім прыемна працаваць і з якога хочацца браць прыклад, назвала юбілярку старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вашчыла, якая павіншавала Галіну Прохараўну ад імя ўсіх педагогаў і кіраўніцтва аддзела адукацыі райвыканкама. Прывітальны адрас ад калег са Шчучынскага ПТДіМ перадаў Дзмітрый Паноў. Шчырыя пажаданні выказаў і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Віктар Анашкін.

 

 

Здавалася, усе кветкі вясны сабраны ў яркія букеты менавіта для гэтай імянінніцы, а добрыя, пяшчотныя словы і прызнанні будуць бясконца гучаць для любай матулі, бабулі, каляжанкі… Бо сама Галіна Прохараўна даражыць не столькі  гучнымі тытуламі, як ціхімі сямейнымі каштоўнасцямі. Яна – жонка і маці траіх цудоўных дзяцей, бабуля вельмі таленавітых унукаў, якія дэкламавалі ўласныя вершы, напісаныя з нагоды, дарылі бабулі і ўсім прысутным музычныя падарункі.

 

  

      

 

Вельмі цёпла віталі юбілярку яе сяброўкі, успамінаючы жартоўныя, а іншы раз і экстрэмальныя сітуацыі з жыцця, калі Прохараўна праяўляла свае лепшыя чалавечыя якасці, крэатыўнасць і знаходлівасць.

 

  

 

Пранікнёна гучалі вершы Галіны Бяляўскай з яе кнігі “Салодкі сум”, якія чыталі філолаг Ніна Гіль ды і сама паэтка, па просьбе гасцей узгадваючы радкі “з ранняга” пра пах салодкі дзяцінства, бацькоўскую хату, пра тое, што “жыць у шэрані” яна не ўмее. І гэта сапраўды так!

 

 

 

Дарэчы, многія з твораў Галіны Бяляўскай пакладзены на музыку. Яе мілагучнымі вершамі зацікавіліся мінскі бард Аляксей Нежавец і масквіч Юрый Ярыгін, кампазітары Н. Сурыкаў, А. Жук, Т. Кошчаў. А якія цудоўныя песні на словы Галіны Бяляўскай атрымаліся ў нашага шчучынскага кампазітара і музыканта Генадзя Панова, слухачы змаглі паўнавартасна ацаніць, бо сам маэстра і вакалісткі Дар’я Бачко і Елізавета Лёліс выканалі не адзін з твораў гэтага ўдалага тандэма.

 

Безумоўна, прыехалі павіншаваць любімага педагога і яе дарослыя вучні. Марына Гаель – паспяховы малады дызайнер, а Ангеліна Цывінская яшчэ толькі спасцігае азы дызайнерскага мастацтва ў Купалаўскім універсітэце. Дзяўчына лічыць, што сваім паступленнем на прэстыжны факультэт абавязана сваёй настаўніцы Галіне Прохараўне.

 

 

Між іншым, у зале, дзе праходзіла мерапрыемства, да ўсяго уражваў вернісаж: па адзін бок  выстаўлены аўтарскія работы Галіны Бяляўскай, з якіх на нас глядзелі мудрыя вочы бацькі-франтавіка, пазнавальныя партрэты, гарадскія пейзажы, славутыя храмы, а па другі бок – дзейнічала выстава карцін вучняў педагога.

 

 

Творчы вечар-партрэт, падрыхтаваны энтузіястамі ПТДіМ, удаўся на славу. Некалькі гадзін, насычаных новым досведам аб нашай сучасніцы, цеплынёй людскіх сэрцаў і пазітыўнымі эмоцыямі, праімчалі, бы адно імгненне.

 

– Такога Дня народзінаў у мяне яшчэ не было! – прызналася напрыканцы Галіна Прохараўна. – Я ўдзячна ўсім, хто мяне прыйшоў павіншаваць, цэніць маю творчасць і натхняе на новыя вершы.

 

 

“Дзянніца” на правах даўняй сяброўкі таксама далучаецца да віншаванняў з нагоды юбілеяў і зычыць Галіне Бяляўскай заўсёднай маладосці душы, здароўя і жыццёвых сіл для ажыццяўлення ўсіх яе крылатых задумак.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Источник: газета «Дзяннiца», https://dzyannica.by/

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website