Пра тое, што шчыміць у сэрцы

Вёска Ціхаволя. Хто калі  яе так назваў, невядома. Бясспрэчна адно – па-іншаму і назваць было нельга. Тут жывуць такія добрыя, сціплыя, памяркоўныя людзі.  Ствараецца  ўраджанне, што ў адным сяле сабраліся ўсе сваякі, які я ў любую хвіліну гатовы дапамагчы адзін аднаму. І так тут хораша, так ціха, толькі птушачкі цешаць сваім  шматгалосным спевам і лёгкі ветрык гойдае высокія дрэвы. А адразу за сялом – Белавежская пушча, такая багатая на лясныя дары, такая шчодрая і бясконцая.



Але вернемся ў вёску. Я накіроўваюся  да хаты самай старэйшай жыхаркі Ціхаволі Марыі Кандратовіч, і на душы “кошкі скрабуць”.  Мне трэба зноў растрывожыць  незагойную  рану ў сэрцы  пажылога чалавека, прымусіць вярнуцца ў былое. Ведаю, – гэта балюча. Боль такі я шмат разоў бачыла ў вачах старэнькіх людзей, у якіх вайна зруйнавала, пакалечыла, адабрала  дзяцінства, да якіх па-ранейшаму прыходзяць у сны напалоханыя дзяўчынкі і хлопчыкі, якіх ветрам хістае ад голаду і холаду. Яны просяць, моляць, каб іх суцешылі, захіснулі  ад стрэлаў і выбухаў, ад немцаў і паліцаяў, якія штодзень палохаюць, паляць дамы, забіваюць нявінных людзей. Мне няёмка, але я ўсё роўна стукаюся ў дзверы і пераступаю парог. І вось сядзіць насупраць мяне сівенькая бабуля Марыя, і я слухаю новы аповед  пра тое, што шчыміць у яе сэрцы, пра тое, аб чым нельга маўчаць, аб чым нельга забываць, каб яно больш ніколі не паўтарылася….

“Мама сказала: “Вайна, дзеткі”

Марыйка Чурак (Марыя Максімаўна Кандратовіч) нарадзілася 4 кастрычніка 1934 года за 6 гадоў 7 месяцаў і 18 дзён да вайны ў вёсцы Бязводнікі.

– У той дзень было, здаецца, нейкае свята, – пачынае свой горкі аповед бабуля. – Моладзь гуляла, песні спявалі, танчылі. Людзі тады дружна жылі, хоць і бедна. Працаваць даводзілася цяжка, але і весяліцца ўмелі. Мае старэйшыя брат і сястра  таксама гулялі з моладдзю, і мы, дзеці, каля іх бегалі. І тут чуем гул страшэнны. Я паглядзела ўверх, а там амалёты чорныя з крыжамі на баку. З дзесяць іх было, а, можа, і больш. Я вельмі спалохалася і пачала крычаць. Брат прыбег, схапіў мяне на рукі і панёс на агарод. Але самалёты не бамбілі, толькі праляцелі над намі. Кудысьці ў другое месца везлі свой страшэнны груз… Мы дадому прыйшлі з братам, а мама кажа: “Вайна, дзеткі”. Нас у бацькоў пяцёра было. Я – самая малодшая.

Вось так у дзяцінства маленькай дзяўчынкі Марыйкі ўварвалася вайна.  З таго дня пачаўся адлік самых чорных і жахлівых дзён у акупацыі, памятка ад якіх балючым рубцом засталася ў сэрцы назаўсёды.

У Бязводніках тады ўжо калгас быў. Людзі шмат жывёлы аддалі ў гаспадарку. А як вайна пачалася,  хутчэй пачалі забіраць назад коней, кароў, авец.  А тут немцы. Усё паадбіралі, і тое, што ў хлявах яшчэ заставалася – таксама. Хадзілі па вёсцы, ботамі грукалі і наганялі страх. Ах, як цяжка жылося людзям! А потым пачалі маладых забіраць у Германію. Забралі старэйшага брата Марыі. Маці ўсе вочы выплакала, як праводзіла яго. А сястру маладзенькую зусім замуж аддалі. Думалі, што замужніх не будуць браць. Але на гэта немцы не глядзелі. Забралі, павезлі на станцыю. А маці канём следам паехала. І там неяк удалося забраць дачку, а муж яе паехаў у няволю.

– Мы сястру ўвесь час хавалі, – гаворыць Марыя Максімаўна. – Немцы прыходзілі, а яна ў ложку ляжала, мы казалі, што хварэе моцна. Тады маму ў турму забралі. Два тыдні яна там была. Білі яе, здзекваліся, голадам марылі, але потым адпусцілі, дзякаваць Богу.

Быў у нас солтыс Дзвежкам яго звалі. І хтось яго забіў. Прыехалі немцы павыганялі з хатаў людзей: і старых, і падлеткаў. Сагналі іх амаль перад нашай хатай і кулямёт насупраць паставілі.  Дапытваліся ўсё, хто забіў солтыса, пагражалі, што ўсіх пастраляюць, калі ніхто не прызнаецца. Адзін дзядок выйшаў наперад і сказаў: “Мяне страляйце, гэта я забіў”. Яго забралі, але не расстралялі. Не ведаю, хто выратаваў, а можа, не паверылі, што гэта ён. Цэлы дзень трымалі людзей перад тым кулямётам, толькі вечарам адпусцілі. Вы можаце сабе ўявіць, што адчувалі тыя людзі?

Прымушалі мужыкоў вартаваць чыгунку, каб партызаны не ўзарвалі. І тата наш таксама вартаваў. Аднойчы на яго ўчастку партызаны ўсё ж устроілі выбух. А было так. Калі тата вартаваў, да яго падыйшоў немец, запытаў, ці ўсё ў парадку? Тата сказаў, што ўсё добра, нікога нідзе не бачыў. А хутка павінен быў  цягнік ісці. Немец пагаварыў з татам і адыйшоўся, а тут партызаны падыйшлі. Тата аддаў ім ежу, што ўзяў з сабою, табаком падзяліўся. Адзін партызан з татам размаўляў, а другія падкладвалі ўзрыўчатку пад рэльсы. А потым быў выбух…

На месцы вёскі галавешкі тлелі

Бацьку забралі, трымалі ў турме да самага вечара. А ў хаце на каленях перад абразамі стаялі маці і чацвёра дзяцей. Малілі Бога, каб уратаваў, каб вярнуў дадому гаспадара. Немец той, што падыходзіў да бацькі ў час варты, абараняў яго, казаў, што правяраў пост, што ўсё добра было, што ён не вінаваты. І бацьку вечарам адпусцілі.

Так вось жылося пры немцах. Часта прыходзілі. Наставяць аўтамат, прымушаюць аддаваць курэй, малако, хлеб. Свіней забіралі, кароў. І людзі аддавалі, бо баяліся. Дзеці галадалі, іх проста ветрам хістала. А немцы ўсядуцца і пачынаюць есці на вачах у дзяцей, спецыяльна. Ды яшчэ і рагаталі. Як толькі зямля насіла тых гадаў?

У Бязводніках, на шчасце, нікога не забілі, але страху людзі нацярпеліся даволі.

– Брат мой вярнуўся дадому, – працягвае бабуля Марыя. – Але не адразу пасля вайны. Яго яшчэ на службу ў працоўную армію забралі. Служыў аж у Архангельску. А муж сястры так і не вярнуўся. Прапаў без вестак недзе пад Кёнігсбергам. Брат яго, які  разам з ім ваяваў, потым расказваў, калі бамбілі горад, то забітых было столькі, што ступіць не было куды.

Калі ўжо немцы адступалі, солтыс сказаў, што трэба ў лес уцякаць. Людзі гналі туды кароў, авец, але ўсё ж не пабярэш. Што маглі закопвалі ў зямлю і беглі ў лес. Я бачыла, як самалёт збілі, як лётчык з парашутам падаў. Было вельмі страшна. Да мамы тулілася і  ўвесь час плакала. Мы ў лесе хаваліся, а тым часам немцы вёску палілі. Ўся згарэла да рэштачкі. І хаты, і хлявы, і ўся жывёла, што заставалася, згарэла. Цялушка ў нас была, якім чынам яна з гарэўшага хлява выскачыла, невядома, але на падворку ляжала абгарэлая. Уяўляеце сабе, вярнуліся людзі з лесу, а замест хатаў – адно папялішча. Галавешкі тлеюць, і смурод стаіць на ўсё наваколле. Але, дзякуй Богу, жыта не спалілі, што за сялом ужо даспела. Пара было зжынаць. Гэта нас ад голаду ўратавала. Хоць трошкі хлеба было. Печ уцалела адна на ўсё сяло. У той печы хлеб пяклі. Людзі выкопвалі зямлянкі, там і жылі. Добра, што лета было, хоць ад холаду не акалелі.

Людзі ў Бязводніках вельмі дружнымі былі, адзін аднаму дапамагалі. Усё сяло, як адна сям’я. Паціху на папялішчах хаты пачалі вырастаць. Жыццё наладжвалася. І ведаеце што? Цяжка было, і голадна, але нягледзячы ні на што, людзі ўмелі і працаваць, і адпачываць. А як спявалі на вячорках!  Не было ў нас тады ні электрычнасці, ні радыё, не гаворачы пра тэлевізар. Днём напрацуемся, рукі, ногі гудзяць, спіна – дубовая, у жываце смокча ад голаду, а вечарам як сабярэмся, як заспяваем… Міша Груша, Марыя і Іван Сашко, сляпы Лукаш без абедзвюх вачэй з жонкаю, баба Юлька з суседзямі Мілашкевічамі і другія вяскоўцы. Толькі і чуецца “Распрагайце, хлопцы, коні”, ці “Гуляе па Дону”, ды і другія песні. Ой, можа, за пяць кіламетраў чуваць было.

І я вельмі любіла спяваць. І да сёння люблю. Вось вазьму ў рукі пруткі ці шыдэлак і спяваю ціхенька сама сабе. А вязаць я ўжо ў шэсць гадоў умела. І прасці ўмела, і ткаць, і шыць, і вышываць. Вунь, бачыце на дзвярах посцілка стракатая. Ёй ужо больш за 70 гадоў. Мая работа! Працавала шмат і спявала ўвесь час, можа, таму і жыву доўга?

І стала жонкай агранома

Скончыла Марыя сем класаў. Грошай, каб вучыцца не было, апрануць таксама не было чаго. Пайшла працаваць у калгас. А праз два гады далі ёй накіраванне ў Гродзенскую школу бухгалтараў. Пашыла дзяўчына сабе кужольную сарочку, сукенку такую-сякую і паехала ў Гродна вучыцца. Адвучылася год, і накіравалі маладога бахгалтара працаваць у Ціхаволю. Гэтая вёска, як і яе родныя Бязводнікі, спалена была немцамі і адраджалася занава. Яна для дзяўчыны адразу, як родная стала. І людзей тутэйшых яна палюбіла ўсім сэрцам. І лёс яе тут чакаў. У 1956 годзе замуж пайшла Марыя за агранома Іосіфа Кандратовіча.

У канторы бухгалтарам працавала. Але ў калгасе нараўне з усімі шчыравала. Буракоў шмат сотак выдзяляў муж, каб ніхто не сказаў, што аграном сваёй жонцы паблажкі робіць. Яна па 15 тон вырашчаных буракоў здавала ў калгас. За шматгадовую сумленную працу мае званне “Заслужаны калгаснік”. У хаце тасама гаспадарка была, дзве дачушкі падрасталі. Яны дапамагалі маці, да працы былі прывучаны з малых лет. Добрымі выраслі, працавітымі.  Адна жыве ў Слоніме, а другая ў Мінску. Падарылі матулі трох унукаў, і яны ўжо праўнукам і праўнучкай пацешылі бабулю. Яна жыве і цешыцца кожным пражытым днём. Яе рукі не ведаюць адпачынку. Па-ранейшаму вяжа пруткамі і шыдэлкам і вельмі любіць спяваць. А песня, як усім вядома, падоўжвае жыццё.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіва М. Кандратовіч

Источник: «Свислочская газета», https://svisgaz.by/news/raznoe/pra-toe-shto-shchymits-u-sertsy.html

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website