Стогадовы юбілей адзначае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алімпій Мікалаевіч Сечка

16 лістапада ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алімпій Мікалаевіч Сечка адзначае 100-гадовы юбілей. Стагоддзе – салідная вяха нават для гісторыі, ну а для чалавека… хутчэй мара. Кожнаму з нас хоць раз жадалі дажыць да ста гадоў, але вось дасягнуць такога ўзросту атрымліваецца ў адзінак. І як жа выдатна, што наш зямляк Алімпій Мікалаевіч, жыццё якога прайшло праз цяжкія выпрабаванні, ваеннае ліхалецце, сустракае гэтую сур’ёзную дату ў добрай памяці, на сваіх нагах, у акружэнні вялікай дружнай сям’і.

У жыцці Алімпія Мікалаевіча, як у люстэрку, адбілася гісторыя краіны, складаны лёс і праца да сёмага поту простых людзей у найцяжэйшыя часы пералому эпох, любоў і адказнасць нашых прадзедаў за будучыню сваёй Радзімы. Маладосць была апалена вайной, якую ветэран прайшоў з гонарам, па-геройску, а ў пасляваенны час заслужыў сабе пашану і павагу сваёй працоўнай дзейнасцю. Сёння для нас, цяперашняга пакалення, успаміны гэтага неверагоднага, мужнага чалавека на вагу золата.

Алімпій Мікалаевіч Сечка нарадзіўся 16 лістапада 1924 года ў вёсцы Чарэшля Навагрудскага раёна. Дзяцінства было цяжкае, як і ў многіх у той час. З ранніх гадоў давялося шмат праца­ваць – ён быў старэйшым дзіцем у сям’і. Кожнае лета пасвіў кароў, а як пасталеў, пайшоў працаваць на будоўлю. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гэтыя гады засталіся ў памяці Алімпія Мікалаевіча як адны з самых шчаслівых: у сям’і заўсёды панавала атмасфера цяпла, узаемаразумення і любові.

– У шматдзетнай сям’і, акрамя мяне, выхоўвалася яшчэ трое дзяцей – сёстры Соф’я і Марыя, брат Пётр. Я быў старэйшым, таму немалую частку хатніх абавязкаў браў на сябе. Гаспадарка наша была невялікай, але працы заўсёды хапала, – расказвае Алімпій Мікалаевіч.

Колькі б ні прайшло гадоў, ветэран вельмі добра памятае дзень пачатку вайны і нямецкія самалёты над роднай Навагрудчынай. Навіна аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны заспела васямнаццацігадовага юнака ў адзін з працоўных дзён. Алімпій Мікалаевіч пайшоў у партызаны. Пазней ваяваў у складзе рэгулярнай арміі, быў кулямётчыкам 606-га стралковага палка 317-й стралковай дывізіі. Першае сур’ёзнае раненне атрымаў пры вызваленні Будапешта. У эпіцэнтры баявых дзеянняў з роты ў складзе 76 чалавек у жывых застаўся толькі дзясятак.

У шпіталі Алімпій Мікалаевіч прабыў месяц, а затым зноў вярнуўся ў баявы строй. Ветэран прайшоў дарогамі вайны праз усю Чэхію, пераможны май сустрэў у Празе. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», памятным медалём «70 гадоў заканчэння Другой сусветнай вайны» ад Чэшскай Рэспублікі, а таксама іншымі юбілейнымі медалямі.

Ваенную форму Алімпій Мікалаевіч зняў толькі ў 1947 годзе. Усё жыццё пражыў у роднай вёсцы, чвэрць стагоддзя працаваў у будаўнічай брыгадзе ў калгасе. Разам з жонкай выгадаваў дваіх дзяцей, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў.

Гераічным мінулым Алімпія Мікалаевіча ганарыцца ўся яго радня, а праўнук Мікіта Шабан лічыць прадзядулю ўнікальным чалавекам, прыкладам для захаплення. З высока паднятай галавой і нязменным аптымізмам крочыць ветэран па жыцці, а кожны яго пражыты дзень – гэта подзвіг духу і самаадданай працы для людзей.

У дзень свайго юбілею Алімпій Мікалаевіч Сечка прымае шматлікія віншаванні. Калектыў рэдакцыі «НаваМедыяКампанія» далучаецца да віншаванняў і жадае Алімпію Мікалаевічу здароўя, увагі і клопату родных і блізкіх, цёплых, шчырых сустрэч, дабра, цяпла, бадзёрасці духу і дабрабыту!

У гэты святочны дзень павіншаваць ветэрана прыехалі старшыня Навагрудскага раённага Савета ветэранаў Рыгор Кананчук, дырэктар Навагрудскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Арына Гурына, старшыня Любчанскага сельвыканкама Сяргей Кавецкі.


Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website