Сведка цэлага стагоддзя. 17 снежня 100 год споўнілася нашаму земляку Рышарду Аляксандравічу Залескаму
17 снежня гэтага года споўнілася 100 гадоў жыхару нашага раёна Рышарду Аляксандравічу Залескаму з вёскі Шастакоўцы Першамайскага сельсавета. У дзень нараджэння дом юбіляра быў поўны гасцей і падарункаў.
Акрамя вялікай сям’і, павіншаваць юбіляра прыехалі таксама прадстаўнікі ўлады і розных арганізацый нашага раёна. Сярод іх былі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, старшыня Першамайскага сельвыканкама Наталля Сідлярэвіч, дырэктар ТЦСАН Святлана Шанчук і лідар ветэранаў Шчучыншчыны Святлана Малюгіна.
Ва ўрачыстай абстаноўцы госці ўручылі юбіляру новы пашпарт. Не абышлося без падарункаў і шчырых віншаванняў у адрас Рышарда Аляксандравіча. Жадалі здароўя і ўсяго найлепшага імянінніку, а таксама яго родным і сваякам. Акрамя таго, павіншаваць свайго ветэрана працы прыехалі прадстаўнікі Шчучынскага райспажыўтавараства: Рышард Аляксандравіч шмат гадоў працаваў прадаўцом у краме ў Шастакоўцах.
Сям’я ў Рышарда Аляксандравіча вялікая і дружная. Заўсёды поруч з ім жонка Тэкля Канстанцінаўна, з якой у шлюбе яны жывуць ужо 68 гадоў. Не забываюць пра бацькоў дачка і два сыны, а таксама ўнукі і праўнукі, большасць з якіх прысутнічалі на свяце.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота раённага ветэранаў і ТЦСАН.