Сцяпан Рыгоравіч Дзянісік.Да нядаўняга часу ён узначальваў савет ветэранаў Казлоўшчынскага сельвыканкама, раней працаваў пажарным, 32 гады быў начальнікам мясцовай пажарнай часці, з’яўляўся дэпутатам.
Жыццё мяне і вучыла, і мучыла, і радавала: «Сцяпан Рыгоравіч Дзянісік» Сёлета свой 90-гадовы юбілей адзначыў жыхар гарадскога пасёлка Казлоўшчына Сцяпан Рыгоравіч Дзянісік.
Да нядаўняга часу ён узначальваў савет ветэранаў Казлоўшчынскага сельвыканкама, раней працаваў пажарным, 32 гады быў начальнікам мясцовай пажарнай часці, з’яўляўся дэпутатам. Юбіляра ў пасёлку ведаюць калі не ўсе, то пераважная большасць жыхароў, а таму і віншаванні ён прымаў на працягу тыдня.
Здароўя і актыўнага даўгалецця Сцяпану Рыгоравічу жадалі раённы савет ветэранаў на чале з Леанідам Юльянавічам Кашко, Казлоўшчынскі сельвыканкам на чале са старшынёй Вадзімам Аляксандравічам Бяляткам, сябры, знаёмыя, былыя калегі.
Нарадзіўся Сцяпан Дзянісік на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Доўбневічы, у шматдзетнай сялянскай сям’і. Яго бацька, Рыгор Міхайлавіч, быў удзельнікам Першай сусветнай, затым грамадзянскай войнаў. У 1940-ым узначаліў мясцовы калгас імя В. Молатава. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька ўдзельнічаў у эвакуацыі маёмасці калгаса, затым пайшоў дабравольцам на фронт, дажыў да Перамогі, быў узнагароджаны за баявыя заслугі і адвагу.
У гонар Рыгора Міхайлавіча Дзянісіка атрымала сваю назву вёска Дзянісаўка, якая знаходзіцца недалёка ад гарпасёлка Казлоўшчына. Сцяпан сустрэў Вялікую Айчынную вайну ў роднай вёсцы. У сям’і Дзянісікаў у 1940 годзе нарадзілася яшчэ адно дзіця. У 1941-ым, калі наступалі немцы, маці не адважылася з немаўлём на руках падацца ў эвакуацыю і з дзецьмі засталася ў Доўбневічах на акупіраванай тэрыторыі. Сцяпану на той час ішоў чатырнаццаты год. На яго плечы лягла ўся мужчынская работа. Калгасную маёмасць вяскоўцы разабралі па хатах. Сям’і дастаўся надзел зямлі, на якім працавалі, каб пракарміцца. Дзянісікі на рэшту запасу зерня выменялі каня і воз. Касіць, малаціць, араць даводзілася Сцяпану. Але, бадай, самым складаным абавязкам для хлопца была павіннасць удзельнічаць у абозе (немцы прымушалі вазіць лес і іншыя грузы). Асабліва ўрэзалася ў памяць паездка ў красавіку 1944 года. Тады жыхароў іх вёскі прымусілі выдзеліць пяць падводаў. У Драбавічах абоз нагрузілі мяхамі. У Талькаўшчыне спыніліся пераначаваць. Калі прыехалі ў Слонім, на адной з гарадскіх вуліц конь Сцяпана стаў. Жывёліна была хворая, і юнак пра гэта ведаў, таму расхваляваўся: «Што рабіць?» Мужыкі перагрузілі яго мяхі на свае падводы, і хлопец застаўся адзін на вуліцы. Сцяпан не адыходзіў ад каня, баяўся, каб яго не скралі. Жанчына з суседняга дома пашкадавала хлопца, угаварыла яго зайсці пагрэцца, папіць чаю, вынесла вады каню. Жывёліна крыху акрыяла, і Сцяпан павольна рушыў дахаты. Па дарозе не аднаго разу спыняўся. На шчасце, назад вярталіся мужыкі-аднавяскоўцы, забралі яго воз і збрую. З’явілася надзея, што хворая жывёліна дойдзе-такі да Доўбневічаў. Пераначаваў хлопец у Паўлаве, а назаўтра разам з канём вярнуўся дахаты. Праўда, жывёліна пасля гэтага пражыла нядоўга. Узгадвае Сцяпан Рыгоравіч і яшчэ адзін выпадак ваеннага часу, калі жыццё іх сям’і было пад пагрозай. Здарылася гэта ў 1941 годзе ў час жніва. Прыйшлі да іх хаты немцы, сказалі, што атрымалі інфармацыю: іх бацька хаваецца ў суседніх лясах, стаў партызанам. Маці ў слёзы: «Нічога не ведаю пра яго!». Тады адзін з немцаў пашкадаваў жанчыну з дзецьмі, параіў не браць з сабой у поле ежу, каб не падумалі, што яна для партызанаў. Сказаў, што за хатай будуць назіраць, і калі гаспадар прыйдзе — расстраляюць усіх. Вядома, гэта прымусіла Дзянісікаў пахвалявацца, бо яны не былі ўпэўнены, што бацька і сапраўды не застаўся партызаніць.
Вялікую Перамогу Сцяпан сустрэў у радах Чырвонай Арміі. Пасля вызвалення акупіраваных тэрыторый 17-гадовага хлопца накіравалі вучыцца, на фронт трапіць ён не паспеў — вайна скончылася. Аднак у салдатах быў доўга: служыў у Балгарыі, на Каўказе, быў у артылерыйскай гукавой разведцы старшым гукаметрыстам, пазней — камандзірам аддзялення. Дэмабілізаваўся ў 1951 годзе (праз 6 гадоў пасля прызыву). Пасляваеннае жыццё вымушала шмат працаваць, аднаўляць гаспадарку, разбураную вайной. Сваю хату, дзе жыве і сёння, Сцяпан Рыгоравіч пабудаваў сам. Пераехалі ў Казлоўшчыну ў 1958 годзе разам з сям’ёй. Жонка Еўдакія Фёдараўна была родам са Смаленшчыны, у Беларусь трапіла бежанкаю, калі пад Смаленскам ішлі моцныя баі.
Сцяпан Рыгоравіч працаваў у пажарнай службе.
Падрасталі дзеці. Сын Мікалай паступіў у Харкаўскі авіяцыйны інстытут. Пасля заканчэння вучобы працаваў на ваенным заводзе «ІНКАР» у Пярмі, дзе выпускалі паліўную апаратуру для самалётаў. Быў начальнікам цэха, 15 гадоў працаваў намеснікам дырэктара прадпрыемства. Дачка Валянціна скончыла архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Працуе ў Гродне ў праектным інстытуце. — За дзяцей мяне заўсёды хвалілі, — расказвае юбіляр. — І калі яны вучыліся ў школе, і калі працавалі. Я ганаруся імі, шчаслівы, што дачакаўся 3 унукаў, 2 праўнукаў. Дзеці пра мяне не забываюць, прыязджаюць, адведваюць. Сын жыве далёка, таму больш тэлефануе, але кожны тыдзень. Наогул, жыццё мяне і мучыла, і вучыла, і радавала. Але я ім задаволены, жадаю ўсім пражыць столькі ж і болей. На пытанне, у чым сакрэт яго даўгалецця, Сцяпан Рыгоравіч Дзянісік адказвае: — Цяжка сказаць. Курыць я кінуў 50 гадоў таму, алкаголь ужываю мала.
Затое юбіляр любіць гуляць у шахматы, чытаць кнігі пра вайну, любіць сплесці кошык або звязаць венік, займаецца хатнімі справамі. Моладзі ён таксама раіць не выракацца працы, бо менавіта праца выводзіць у людзі.