Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, які сёлета не звычайны, мясцовым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны былі ўручаны юбілейныя медалі “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”. Сярод людзей шаноўнага ўзросту быў узнагароджаны і жыхар нашага горада Уладзімір Мускі. Ён жыве па вул. Чырвонаармейскай, непадалёку ад Спаса-Прэабражэнскага храма, ва ўласным доме.

Медаль ветэрану ўручыў ваенны камісар райваенкамата Леанард Гружэўскі, павіншаваў з надыходзячым святам – Днём абаронцаў Айчыны, пажадаў здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Цёплыя словы з нагоды прыемнай падзеі сказаў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Касакоўскі, які прыйшоў да ветэрана з чырвонымі гваздзікамі. Да віншаванняў далучыліся дырэктар ТЦСАН “Цёплы дом” Марына Нікалайчык і першы сакратар райкама БРСМ Таццяна Гетмановіч. Яны ўручылі Уладзіміру Пятровічу падарункі, сярод якіх была і віншавальная паштоўка ад вучняў СШ №2, у якой — удзячнасць ветэрану за гераізм і мужнасць у барацьбе з фашыстамі, пажаданні ўсяго найлепшага ў жыцці.

Уладзімір Мускі сказаў, што ён вельмі рады, бо жыве ў незалежнай Беларусі, ганарыцца яе поспехамі, а іх нямала ў будаўніцтве, адукацыі, медыцыне, іншых сферах народнай гаспадаркі. Ветэрану прыемна, што пра Беларусь цяпер ведаюць у свеце. Ён, як былы настаўнік, хацеў бы, каб у нашай краіне былі беларускія школы, каб нашы суайчыннікі жылі згуртавана, любілі сваю Бацькаўшчыну, прыкладалі намаганні для яе далейшага росквіту. Уладзімір Пятровіч упэўнены ў тым, што жыццё паляпшаецца, аб гэтым сведчыць вялізная колькасць аўтамабіляў на дарогах, ды і самі дарогі цяпер значна лепшыя, чым былі раней. Смаргонь

разбудоўваецца, прыгажэе. “Мы гаспадары на сваёй зямлі, і я хацеў бы, каб ніхто не перашкаджаў нам жыць і працаваць”, — адзначыў ветэран.

Бацька Уладзіміра Мускага ваяваў у Першую сусветную вайну, а сам ён – у Вялікую Айчынную, разам з баявымі таварышамі вызваляў Прыбалтыку, там і сустрэў Перамогу. Ёй папярэднічала шматгадовая барацьба з лютым ворагам не толькі на фронце, але і ў тыле. Перад тым, як Уладзіміра Пятровіча прызвалі на службу ў рэгулярную армію, ён партызаніў, быў байцом партызанскай брыгады імя Суворава, якая размясцілася на тэрыторыі нашага раёна.

Уладзімір Мускі ўзгадаў вызваленне Смаргоні, як праз Вілію перапраўляліся танкі, пяхота, у тым ліку і партызаны. Баі былі ў ваколіцах цяперашняй цэнтральнай раённай бальніцы. Там было падбіта нямала савецкіх танкаў, іх бамбіла варожая авіяцыя. Але горад быў цэлы. Немцы адступалі ў бок Вільнюса. У Смаргоні размясціліся тылавыя часці Чырвонай Арміі, на якія ў адну з начэй наляцела нямецкая авіяцыя і ў святле пражэктараў пачала бамбіць плошчу і вуліцы, якія знаходзіліся недалёка ад цэнтра горада. Тады пагарэлі дамы на вуліцах Іванова і Чырвонаармейскай, была знішчана савецкая тэхніка, загінула многа салдатаў.

Уладзіміру Мускаму – 97 гадоў. Ён сказаў, што мінулым летам яшчэ працаваў на агародзе, а трымаць сябе ў нядрэннай фізічнай форме яму дапамагае рух, праца. Ён калісьці трымаў гаспадарку – карову, свіней, за тры кіламетры хадзіў на працу ў школу, якая была ў Клідзенятах. А калі яе закрылі, у раённым аддзеле народнай адукацыі Уладзіміру Пятровічу прапанавалі працу ў дзвюх школах, якія знаходзіліся адна ад адной на адлегласці 7 кіламетраў – у Мікулеўшчыне і Ракаўцах. З вёскі ў вёску прыходзілася хадзіць зімою па глыбокім снезе. І так на працягу 5 гадоў. Жыў настаўнік пры школе і толькі на выхадныя прыязджаў у Смаргонь. Гаспадарка тады трымалася на яго жонцы.

Уладзімір Мускі амаль за сто гадоў свайго жыцця шмат чаго пабачыў і перажыў. Але і цяпер, ня-гледзячы на свой шаноўны ўзрост, не скардзіцца на лёс, не апускае рукі, хаця ўжо сілы не тыя, што былі раней, крыху пачало падводзіць здароўе. І тым не менш, на жыццё глядзіць з аптымізмам, нават сказаў, што яшчэ хочацца пажыць…

Муский_Ветеран_ВОВ_Сморгонь_2.jpg

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website