ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЯЎГЕН ПЕТРАШЭВІЧ 11 сакавіка 2017 года скончыўся зямны шлях вядомага на Гродзеншчыне культурнага дзеяча, музыканта, кампазітара, паэта-самародка Яўгена Канстанцінавіча Петрашэвіча.

Яўген Канстанцінавіч нарадзіўся 18.06.1930 года ў в. Падбараны Мастоўскага р-на Гродзенскай вобласці. Скончыў Мінскае музычнае вучылішча (1955). У розныя часы кіраваў аркестравымі групамі пры народным ансамблі “Нёман”, “Вянок”. Быў кіраўніком дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”, які неаднаразова выступаў у Польшчы, Літве, Францыі, Нарвегіі, Швецыі. У Гданьску (Польшча) ансамбль атрымаў Гран- Пры “Zloty Kogucik”. Аўтар гранітнай скульптуры ў гонар заснавання вёскі Гудзевічы, драўлянай скульптуры “Вікінг” у Даніі, за якую атрымаў аднайменны медаль. За сваю шматгадовую педагагічную працу атрымаў званне “Выдатнік адукацыі РБ”, узнагароджаны шматлікімі дыпломамі пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных фестыфаляў і конкурсаў народнай музыкі, нагрудным знакам Міністэрства культуры РБ “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2014). У творчым багажы неўтаймоўнага творцы – зборнікі вершаў “Пасынкі”, “Віншаванкі”, “Байкі-непазяхайкі”, “Балада пра Грунвальд”, “Сказ пра Каложу”; зборнікі песень на словы Я. Чачота, “Беларускі вясёлкавы край”, “Пяшчотнасць”, “Спявайце, хлопцы, спявайце!” (№1, №2) і іншыя. Калегі па творчасці, сябры, вучні, родныя і блізкія ведалі Яўгена Канстанцінавіча як таленавітага, рознабакова адоранага, працаздольнага, сціплага, шчырага і добразычлівага чалавека, гатовага заўсёды падзяліцца часцінкай сваёй шчодрай душы і сакрэтамі майстэрства.

Такім мы яго любілі. Такім ён застанецца ў нашай памяці.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website