На жалобны мітынг ва ўрочышча Вішаўнік прыбылі прадстаўнікі Свіслацкага райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў, раённай арганізацыі КПБ, моладзі, актыў ветэранскай арганізацыі.
Старшыня раённага савета ветэранаў Алена Пракопік напомніла прысутным пра трагічныя падзеі 75-гадовай даўнасці:
– З першых дзен акупацыі фашысты праводзілі жорсткую і бесчалавечную палітыку ў дачыненні да насельніцтва акупаваных тэрыторый. Асаблівай жорсткасцю выдзяляліся адносіны да яўрэйскага насельніцтва. Нямецкія ўлады забаранялі яўрэям з’яўляцца ў грамадскіх месцах, на рынках, карыстацца транспартам. Для іх быў уведзены адметны знак – жоўтая шасціканцовая зорка – якую яны павінны былі нашываць на сваё адзенне. Усім яўрэям была загадана перасяліцца ў гета.
1 лістапада 1942 года ўсіх, хто заставаўся жывым – 1 536 старых і малых, жанчын і дзяцей, фашысты выгналі з гета і накіравалі сюды, ва ўрочышча Вішаўнік, дзе ўсе яны былі па-зверску расстраляны і засыпаны ў агульных магілах-ірвах.
Памятаць аб гэтай трагедыі – наш чалавечы абавязак. Мы павінны данесці яе да наступных пакаленняў і зрабіць усе, каб такое ніколі не паўтарылася. Ні з адным народам.
Ускладзены да помніка кветкі, запалены памінальныя свечкі. З паніклых галінак бярозак, што растуць ля помніка, ападаюць кроплі дажджу, як слёзы мільёнаў бязвінных ахвяр фашызму.
Мы памятаем!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website