Госці з Міёраў наведалі Смаргонскі раён
На госці ў наш горад наведалася дэлегацыя з Віцебшчыны. Актывісты грамадскай
ветэранскай арганізацыі з Міёраў любяць падарожнічаць па Беларусі. На гэты раз імі
быў абраны наш горад. Сустракаў гасцей і спрыяў іх плённаму адпачынку старшыня
раённага савета ветэранаў Уладзімір Касакоўскі.
Уладзімір КАСАКОЎСКІ і Чэслаў КАШКУР абмяняліся падарункамі.
Месцам сустрэчы быў абраны гарадскі парк. У летнім амфітэатры адбылося вочнае
знаёмства з членамі дэлегацыі. Старшыня савета ветэранаў Уладзімір Касакоўскі
расказаў збальша пра наш раён, пра дзейнасць ветэранскай арганізацыі, падзяліўся
ўласным вопытам у адстойванні правоў асобных груп ветэранаў працы, заслужаных
грамадзян, ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Кіраўнік
міёрскіх ветэранаў Чэслаў Кашкур падарыў калегам са Смаргоні цікавыя выданні пра
Міёры ў тым ліку маляўнічы даведнік краязнаўчых маршрутаў па Міёрскаму раёну, які
склаў і выдаў мясцовы краязнаўца, дырэктар музея СШ №3 г. Міёры Вітольд
Ярмалёнак. Аўтар гэтага ўнікальнага выдання таксама быў у складзе дэлегацыі.
Таццяна РЫМША – пляменніца загінуўшага вызваліцеля Смаргоні.
Адна з грамадскіх актывістак міёрскага савета ветэранаў, Таццяна Рымша, не першы
раз наведалася ў наш горад. Упершыню яна была тут у 2005 годзе разам са сваёй
сястрой. А мэта візіту – наведаць месца пахавання іх дзядзькі – Яўгена Мурашкі, які
загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Смаргоні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юнаку
было тады толькі 18 гадоў і яго маці, бабуля Таццяны Мікалаеўны, усё жыццё марыла
наведаць магілу сына. За яе зрабілі гэта ўнучкі. Таму з вялікім жаданнем і сёння
Таццяна Рымша выправілася ў няблізкі шлях, каб пакланіцца памяці свайго сваяка, усіх
змагароў за вызваленне Беларусі і сказаць словы падзякі кіраўніцтву і жыхарам
Смаргоні за тое, што вартасна ўшаноўваецца памяць пра загінуўшых.
Госці Смаргоншчыны наведаліся да мемарыялу на лініі супрацьстаяння ў Першую
сусветную вайну, у музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага, што ў Залессі.
Ала КЛЕМЯНОК.