Лідская раённая арганізацыя «Трэмбіта» грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» адзначае свой першы юбілей – дзесяць гадоў з дня заснавання. Сёння ў яе складзе трыццаць тры актыўныя члены, якія маюць украінскія карані. Павіншаваць калектыў з гэтай значнай датай прыйшлі многія ганаровыя госці і жыхары горада. У іх ліку і консул-кіраўнік консульства Украіны ў горадзе Брэсце Анатоль Дзідзенка.

 

– Наша краіна заўсёды была зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў самых розных напрамках: эканоміцы, сацыяльнай сферы і культуры, – заўважыў карэспандэнту «Лідскай газеты» Анатоль Нікіфаравіч. – Не так даўно гэта даказала чарговая сустрэча Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у рамках Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які адбыўся ў Гомелі. Упэўнены: добрасуседскія адносіны дзвюх краін-суседак, брацкіх народаў будуць толькі мацнець. І сёння, безумоўна, вельмі рады прысутнічаць у Лідзе.

 

Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, якая ўручыла падзячнае пісьмо кіраўніку харавога калектыву “Смерычка” Вользе Пчыцкай:

– Для многіх людзей Украіна іх малая радзіма. А для кожнага з нас малая радзіма – гэта і маці, і бацька. Чалавек не зможа адбыцца, калі не будзе гаварыць на роднай мове, успамінаць свае карані. Сёлета мела магчымасць пабываць на фестывалі нацыянальных культур у горадзе Гродна. Было вельмі прыемна бачыць сярод удзельнікаў і членаў Лідскай раённай арганізацыі «Трэмбіта», якія прадставілі сябе вельмі годна. Жадаю і ў далейшым творчых поспехаў. 

У напрамку зберажэння нацыянальных звычаяў і папулярызацыі ўкраінскай культуры на Лідчыне раённая арганізацыя «Трэмбіта» працуе з першага дня свайго заснавання. Нашы суайчыннікі не могуць жыць без сваіх традыцый. Мабыць, таму ў харавога калектыву “Смерычка” з такой лёгкасцю атрымліваецца данесці да гледача глыбокі сэнс меладычных украінскіх песень. Ды так, каб за сэрца брала. Вось і сёння са сцэны гучалі добрая музыка, вершы, словы віншаванняў. Перад удзячнымі гледачамі выступалі вакальны ансамбль “Diamonds”, госці з горада Маладзечна і іншыя. Кожны нумар суправаджаўся бурнымі апладысментамі.

У гэты дзень кожны, хто прыйшоў у Палац культуры горада Ліды, змог не толькі пачуць меладычную ўкраінскую мову, але і акунуцца ў насычаную і непаўторную атмасферу свята з каларытным гумарам, песнямі, музыкай, танцамі, а таксама атрымаць зарад добрага настрою. І за гэта гледачы выражалі вялікую ўдзячнасць артыстам.

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website