Грамадскія арганізацыі раёна ўключыліся ў дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”
Напярэдадні Новага года і Ражаства Хрыстова ў рамках традыцыйнай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця наведалі прадстаўнікі раённых грамадскіх арганізацый Белай Русі, Беларускага саюза жанчын, БРПА, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, БРСМ, Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага фонду міру і Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Рабяты сустрэлі гасцей гучнымі апладысментамі і дружна запрасілі ў карагод. Дарослыя разам з дзецьмі з задавальненнем танцавалі і спявалі вясёлыя песні. Кульмінацыяй свята стала сустрэча з Дзедам Марозам і Снягурачкай, якія паабяцалі, што ў Новы год ніхто не застанецца без падарункаў!
— Мы таксама прыехалі да вас не з пустымі рукамі, — зазначыў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Тадэвушавіч Пашук. — Прывезлі святочны торт, які дапаможа стварыць цудоўны настрой. Частуйцеся на здароўе!
Цёплыя словы ў адрас педагогаў і медперсаналу Васілішкаўскага дома-інтэрната выказала старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святлана Уладзіміраўна Шанчук:
— Дзякуй вам за клопат, любоў і пяшчоту, якімі вы адорваеце дзяцей. Цеплыня чалавечай душы для іх найлепшы падарунак! Сёння мы ўбачылі мноства дзіцячых усмешак. Значыць, ім тут жывецца камфортна і спакойна!
Развітваючыся з дзятвой, госці паабяцалі абавязкова прыехать сюды яшчэ і прыняць удзел у навагоднім ранішніку, які пройдзе ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце 27 снежня.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.