18 кастрычніка стогадовы юбілей адзначыла жыхарка аграгарадка Пескі Вера Ігнацьеўна Дубаневіч

18 кастрычніка стогадовы юбілей адзначыла жыхарка аграгарадка Пескі Вера Ігнацьеўна Дубаневіч21 октября 2019 — 11:02Такой колькасці гасцей, як ў гэты сонечны кастрычніцкі дзень, у доме Таццяны Іванаўны Клімчук не было даўно. Яно і не дзіўна: дажыць да стогадовага юбілею выпадае не кожнаму. А вось яе маці Веры Ігнацьеўне Дубаневіч Бог паслаў доўгія гады жыцця. Таму і жадаючых павіншаваць равесніцу стагоддзя было нямала.

Са шчырымі словамі пажаданняў моцнага здароўя, крэпасці духу да юбіляркі звярнуўся старшыня Пескаўскага сельвыканкама Валянцін Альбінавіч Кавалевіч:

– Паважаная Вера Ігнацьеўна, ваш стогадовы юбілей – значная падзея не толькі для Вас, Вашай сям’і, але і для кожнага з нас, наогул для нашага раёна. За гэты значны і шаноўны ўзроставы рубеж Вам давялося многае перажыць, многае пабачыць. Але сёння хочацца Вам пажадаць, каб у Вашай памяці засталіся толькі светлыя ўспаміны, каб Вы яшчэ доўга радавалі Вашых родных і блізкіх сваёй прысутнасцю. Дабра Вам, моцнага здароўя, крэпасці духу, дабрабыту Вашай сям’і.

Да віншаванняў ў адрас паважанай жанчыны далучыліся работнікі сельвыканкама, сакратар раённага савета ветэранаў Таццяна Жвірбля, загадчыца аддзялення цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аляксандра Саламевіч, загадчыца Пескаўскай амбулаторыі Кацярына Скарбінская, вучні Пескаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы-сад – сярэдняя школа, суседзі. Усе яны прыйшлі з падарункамі і восеньскімі кветкамі – хрызантэмамі.

Начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Вольга Дабрынеўская ўручыла шаноўнай юбіляршы новы пашпарт. А цудоўны музычны падарунак падрыхтавалі работнікі мясцовага сельскага клуба.

Расчуленая да слёз такой увагай, бабуля Вера таксама жадала сваім шматлікім гасцям здароўя і доўгага жыцця. А поруч заўсёды знаходзілася дачка Таццяна Іванаўна, якая апошнія гады яе даглядае.

– Мама родам з вёскі Мільча Вілейскага раёна Мінскай вобласці, – расказала Таццяна Іванаўна. – Яна выгадавала дваіх родных дачок і траіх прыёмных дзяцей, дапамагала падымаць трох унукаў і адну ўнучку, дачакалася шасцярых праўнукаў. Усё жыццё яна працавала даяркай у калгасе. Так склалася жыццё, што са сваім першым мужам, маім бацькам, яны пражылі толькі чатыры гады, якія выпалі на Вялікую Айчынную вайну. У 1941-ым годзе нарадзілася мая старэйшая сястра, у 1942-ім – на свет з’явілася я, а ў 1944-ым годзе бацькі не стала – памёр ад ціфу. Ужо пазней, у 1968 годзе мама зноў выйшла замуж і шчасліва пражыла разам з другім мужам 38 гадоў. Яго не стала ўжо калі яны ў 2005 годзе пераехалі сюды, на Мастоўшчыну, у аграгарадок Пескі.

Шмат давялося перажыць Веры Ігнацьеўне Дубаневіч за свае сто гадоў, але і зараз яна не любіць жаліцца на лёс, бо лічыць, што ўсе выпрабаванні робяць нас крапчэйшымі, адкрываюць патаемныя рэсурсы нашага арганізма і характару. Прынамсі, менавіта на такіх прынцыпах – сумленна працаваць, не баяцца цяжкасцей, берагчы тое, што маеш, – яна выхоўвала сваіх дзяцей, такія парады давала ўнукам і праўнукам.

Дарэчы, на наступны дзень уся іх вялікая сям’я сабралася разам за святочным сталом, каб павіншаваць роднага чалавека з такім значным юбілеем. Шчырыя і пранікнёныя пажаданні ліліся ракою, як і песні, што славілі жанчыну-маці, дбайную гаспадыню, аднагодку цэлага стагоддзя.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website