У Дзень пісьменства ў Варнянах успомнілі Казіміра Сваяка
У Дзень беларускага пісьменства ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны адбылася імпрэза, прысвечаная Казіміру Сваяку.
Мінула 130 гадоў з дня нараджэння слыннага сына астравецкай зямлі, нястомнага святара і паэта з тонкай, чуллівай душой. Здавалася б, прамінула больш за стагоддзе, але варта прабегчыся вачыма па напісаных Канстанцінам Стэповічам радках, каб зразумець, што, паэт-святар усё сваё кароткае жыццё дбаў не пра сябе – а пра людзей, мову, Айчыну.
– Асоба Сваяка – унікальная. Немагчыма пераацаніць тое, што гэты чалавек зрабіў для роднага краю. У спадчыну нам засталася яго творчасць: вершы, проза, дзённікавыя запісы, ліставанні са сваякамі і сябрамі, – расказала Людміла Кухарэвіч, якая сабрала ў Варнянах аднадумцаў на сваякоўскую сустрэчу. – Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Стэповіча. Яго прозвішча памятаюць і ўшаноўваюць у Мінску, Камаях, а на Астравеччыне чамусьці забыліся. У Варнянах столькі таленавітых, самабытных людзей – падумалася, чаму б тут не прыгадаць Казіміра Сваяка.
Імпрэза пачалася з благаславення пробашча варнянскай парафіі Святога Юрыя ксяндза Віктара Захарэўскага. Святар запаліў свечку, святло якой атуліла прысутных няўлоўнай цеплынёй. Гэтак жа і Казімір Сваяк, гарэў, як свечка – і пакінуў нам святло сваёй нястомнай дзейнасці, творчы плён думак і душы.
Супрацоўніца клуба Людміла Граблеўская ўзгадала біяграфію паэта-святара і пранікнёна прачытала верш Мар’яна Дуксы і сваякоўскі пра шчасце.
Заўсёднікі літаратурнага аб’яднання Аляксандр Марозаў, Таіса Сямёнава, Капіталіна Пятроўская, Святлана Еўтушэнка (Ніна Міралькова) прачыталі вершы Канстанціна Стэповіча і ўласныя творы.
Нядаўна ў свет выйша кніга пра гервяцкі край «Вялікая душа маленькай парафіі» – творчы плён працы нашай зямлячкі, краязнаўцы, таленавітай паэтэсы Ганны Чакур і пробашча Чырвонага касцёла Уладзіслава Завальнюка. Ганна Іванаўна расказала пра тое, як нараджалася кніга, як цудоўным чынам – інакш і не скажаш! – знаходзіліся ўнікальныя здымкі з будаўніцтва святыні і фота яе пробашчаў, адкрываліся невядомыя старонкі духоўнага жыцця гэтага краю.
Слова ад сям’і Варановіч з Дайлідак узяў Казімір Станіслававіч.
– Варта адзначыць, што адраджэнне імені Казіміра Сваяка належыць Ганне Чакур, Алесю Юркойцю, Людвіцы Кардзіс і іншым, – узгадаў Казімір Варановіч. – Наш зямляк, прафесар Адам Мальдзіс падчас аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ выказаў просьбу пра прылучэнне Канстанціна Стэповіча да ліку благаславёных. Вядома, што гэта справа не аднаго дня і года – будучы святы тады сказаў вельмі мудрыя словы: «Маліцеся – і будзеце пачуты». У гэты юбілейны год хочацца звярнуцца да ўсіх жыхароў Астравеччыны, каб маліліся за Казіміра Сваяка.
Таленавітая мастачка Тарэса Варановіч прэзентавала прысвечаную Канстаіціну Стэповічу работу: светлы і натхнёны святар з пяром у руках сядзіць на камені побач з рэчкай. За ім – загінулы ў агні касцёл Святога Яўхіма, вакол – сем галубоў. Па словах Тарэсы Іосіфаўны, часу на працу зусім не ставала – разам з дачкой Вікторыяй яны займаюцца рэстаўрацыяй фрэсак у сольскім касцёле – але карціна нарадзілася ўсяго за месяц.
Акапэльна прысутныя праспявалі песню «Вёсачка Барані» – менавіта там на свет з’явіўся Канстанцін Стэповіч – на словы Станіслава Валодзькі, і яшчэ доўга не разыходзіліся: Сваяк ізноў сабраў «сваякоў» – на гэты раз у Варнянах. Дай Бог, каб не ў апошні…
Текст и фото: Алёна Ганулич