Узнагароды, песні, спаборніцтвы – людзі залатога ўзросту адзначылі сваё свята
Як паведамляе газета «Астравецкая праўда», ускладанне кветак да помніка воінам-вызваліцелям, узнагароджванне, прыгожыя музычныя віншаванні і цікавыя спаборніцтвы – мерапрыемствы да Дня людзей залатога ўзросту прайшлі ў Астраўцы.
Ад ветэранаў – героям
Дрыготкі агеньчык лампадкі, пяшчотныя пялёсткі гваздзік, хвіліна маўчання… – прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў сабраліся ля помніка загінулым воінам і партызанам, каб ушанаваць памяць тых, чыю магчымасць дажыць да старасці перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна.
– Шчыра віншую ўсіх людзей залатога ўзросту з нашым святам – здароўя вам, радасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні і дабрыні, – адзначыла старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. – Наша юнацтва і маладосць праляцелі непрыкметна, але колькі прыемных успамінаў засталося і колькі яшчэ ўсяго добрага чакае наперадзе. Дзякуй вам за шматлікія гады шчырай працы, што аддалі на карысць нашай роднай зямлі, дзякуй за выхаванне дзяцей і ўнукаў, што добрасумленна працягваюць нашу справу. Большасць з нас гадаваліся ў няпросты пасляваенны час, таму сёння мы невыпадкова сабраліся ў гэтым адметным месцы. 76 гадоў мы жывём пад мірным небам і шчыра дзякуем героям, якія абаранілі нашу Радзіму коштам жыцця. Вечная ім памяць!
Шчырыя пажаданні, музычныя віншаванні
А ўрачыстасць, дзе людзей залатога ўзросту шчыра прывіталі, усяго найлепшага жадалі і ўзнагароды ўручалі, прайшла на сцэне летняга амфітэатра. І першым да віноўнікаў свята звярнуўся старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін:
– Паважаныя прадстаўнікі старэйшага пакалення, вэтэраны працы, сёння мне вельмі прыемна павіншаваць вас з Днём не пажылых, а шаноўных грамадзян, бо гэта свята чалавечай мудрасці, грамадзянскай сталасці, душэйнай шчодрасці. Гэта свята самых дарагіх нам людзей – матуль і татаў, бабуль і дзядуль. І гэта падстава яшчэ раз звярнуць увагу на патрэбы і праблемы старэйшага пакалення і забяспечыць ім нармальнае жыццё. У нашай краіне для гэтага распрацавана маштабная сістэма сацыяльнай абароны людзей залатога ўзросту, якая прадугледжвае льготы і гарантыі. Ад імя раённай улады, падкрэслю, што мы таксама заўсёды гатовы выслухать, падтрымаць і дапамагчы.
Затым надышла прыемная хвіліна ўрачыстых адзнак. Падзячным лістом райвыканкама ўзнагароджана Марыя Безляповіч, граматай – Казімір Варановіч і Пётр Крупеньчык. Ад раённага Савета дэпутатаў Падзячны ліст атрымалі Генадзь Бужымскі і Валянціна Горбаль, а граматы – Часлаў Свіла і Тамара Батура.
Марыя Безляповіч
Казімір Варановіч
Пётр Крупеньчык
Генадзь Бужымскі
Часлаў Свіла
Валянціна Горбаль
Ад грамадскіх аб’яднанняў віноўнікаў урачыстасці павіншавала старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Ірына Раткевіч, якая, акрамя цёплых пажаданняў, падзякавала шаноўным астраўчанам за нераўнадушша і актыўнасць у грамадскім жыцці. Ірына Фёдараўна адзначыла падарункам Людмілу Кухарэвіч, а яе калегі з ГА БСЖ і ГА БРСМ павіншавалі Ірыну Шляхтун.
І, бы асенняе лісце, пасыпаліся музычныя падарункі. Абаяльны рытанскі дуэт Аляксандра Юргелянца і Юрыя Інаровіча, харызматычная Анастасія Козар, няўрымслівы харэаграфічны гурт «Чаромушкі», звонкагалосы вакальны ансамбль «Аксаміткі», задорны Васіль Карпец, энергічная Людміла Кухарэвіч і іншыя артысты Астравеччыны падрыхтавалі цудоўны канцэрт.
Хто хутчэйшы і спрытнейшы
А напярэдадні свята віноўнікі ўрачыстасці прадэманстравалі кемлівасць, хуткасць і вытрыманасць падчас спаборніцтваў, якія прайшлі ў САК «Імпульс». Спачатку ўдзельнікі высвятлялі, хто мацнейшы на чорна-белым полі. І хоць спаборніцтва па шашках не атрымалася шматлікім, ігракі засталіся задаволенымі. Тытул лепшага гросмайстра пацвердзіў мінулагодні пераможца Валерый Блахін.
Жаночая грацыя і лёгкасць, мужчынскія сіла і вытрымка – усё гэта можна было назіраць падчас спаборніцтва па плаванні. Гледзячы на імклівых і гарэзлівых удзельнікаў заплываў проста язык не паварочваўся назваць іх пажылымі, бо энергіі, бадзёрасці і жыццярадаснасці гэтых людзей можа пазайздросціць кожны малады.
Паўдзельнічаць у заплывах сярод людзей залатога ўзросту прыйшло 6 чалавек: Тамара Пахомчык, Валерый Ламека, Ларыса Шэін, Тамара Буйко і сямейны дуэт – Зоя і Віктар Бабёр. Праўда іх удзел насіў больш сяброўскі, чым спаборніцкі характар, але ад гэтага не траціў відовішчнасці і цікавасці. Як і ў кожным спаборніцтве, былі вызначаны і лепшыя плаўцы: трэцяе месца заняла Тамара Пахомчых, другое – Зоя Бабёр, а першае – Валерый Ламека. Але ніхто не застаўся без узнагароды – усе атрымалі прызы ад раённага савета ветэранаў.
По материалам газеты «Островецкая правда», https://t.me/ostrovetsby.