У Дзень элегантнага ўзросту. Выставы, хіты 70-х, бліц-інтэв’ю і танцы пад жывую музыку…

 

Сапраўднае свята адбылося сёння ў Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці з нагоды Дня пажылых людзей. Тут ушаноўвалі ветэранаў працы, дарылі гасцям мелодыі залатой восені, запрашалі на выстаўкі.

 

Вернісаж смаргонскага мастака Вячаслава Аўгусціновіча абудзіў лепшыя пачуцці ў сэрцы кожнага наведвальніка выставы, бо з работ жывапісца паўстаюць відарысы малой радзімы, дзе  сярод падобных пейзажаў праходзіла дзяцінства і юнацтва вельмі многіх з тых, хто прыйшоў у гэты дзень на сустрэчу з прыгожым.  Сівы валун, заснежаныя палі, вясковыя хаты ў квецені, узлескі і лугі – усё на карцінах Аўгусціновіча настолькі натуральна-праўдзівае, што, здаецца, ты зусім не ў зале, а там – на прыволлі за роднай вёскай.

 

   

 

 

Цікавай атрымалася і сама сустрэча з мастаком. Была магчымасць задаць яму пытанні, пагутарыць, падзяліцца ўражаннямі.

 

 

Вялікі інтарэс у жанчын выклікала і выстаўка работ майстрых па вязанні. І вось удзельнікаў мерапрыемства запрашаюць у залу для гледачоў. Цёплыя, прачулыя словы адрасуюць прадстаўнікам старэйшага пакалення намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта і старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі. Добрыя пажаданні прысутным у зале выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк падчас бліц-інтэрв’ю, што праводзіла з гледачамі вядучая праграмы Алена Ушкар.

 

   

 

 

Свае лепшыя песні дарылі публіцы хор ветэранаў, народны ансамбль песні “Васільковая раніца”, салісты Іван Бабіцкі, Марына Мадаян і многія іншыя. Спявала душа, радавалася сэрца. А потым пад жывую музыку была магчымасць закружыць у вальсе. Як тады – у маладосці…

 

   

Таццяна СТУПАКЕВІЧ, фота аўтара, http://dzyannica.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website