Прычэсвалi лён, рабілі ніткі і афарбоўвалі карой дуба. Як раней на Гродзеншчыне ткалі ручнікі і дываны (відэа)

Прычэсвалi лён, рабілі ніткі і афарбоўвалі карой дуба. Як раней на Гродзеншчыне ткалі ручнікі і дываны (+відэа)

 

На шляху з Гродна на Аўгустоўскі канал для турыстаў ёсць каларытнае мястэчка – вёска Зарачанка, вядомая з XV стагоддзя, багатая на традыцыi. Тут ёсць касцёл і самабытны музей «Код памяці». Яркія ручнікі як дыван-самалёт вязуць у мінулае, калі нашы прабабулі спявалі і ткалі на кроснах, расказвае карэспандэнт СТВ.

Наталля Рамановіч, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму ДУК «Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр»:

 Саматканыя ручнікі – радасць, смутак, бяссонне вёсак. Вышываць ручнік жанчына павінна была з вельмі добрым настроем, і ручнік атрымліваўся з багатымі, цеплымі арнаментамі. Гэта вобраз маці, багацця, 2 галубкі, якія глядзяць адзін на аднаго, – гэта сімвал кахання.

2.png

Кожны экспанат – жывая гісторыя. Яны захавалі цеплыню рук майстарак з розных вёсачак. У музеі можна прасачыць усе этапы ткацтва. Як прычэсвалi лён, рабілі ніткі і афарбоўвалі карой дуба.Наталля Рамановіч:  

 Пранік – гэта для адбівання льну. Па праніку судзілі, як муж адносіўся да сваёй жонкі. Калі гэты пранік быў лёгкі, муж вельмі ганарыўся сваёй жонкай і такім чынам яе аберагаў, таму што вы разумееце: патрапаць гэтым пранікам цэлы дзень лён – гэта вельмі цяжкая праца для жаночых рук. А калі пранік быў зроблены з дуба – гэта такі цяжкі матэрыял, напэўна, штосьці было не так у іх сям’і.    

3.png

Ручнік суправаджаў нашых продкаў ад нараджэння да самай смерці. З ім сустракалі маладых, праводзілі ў поле і прымалі на свет немаўлятаў. Прычым, у 7-8 гадоў дзяўчынкі ўжо ўмелі ткаць, бо кожную нявесту ацэньвалі па пасагу. Калі куфар быў поўны яркіх посцілак, значыць, гаспадынька добрая i багатая.

Наталля Рамановіч: 

 Жыхарка суседняй вёскі Шэмбелеўцы Ірына Бернатовіч падрыхтавала нам дзявочы пасаг. Гэта тканыя ручнікі, якія яна павязвала на сваё вяселле дружбантам, свату і маршалаку гэтай мясцовасці.  

4.png

Падвойныя дываны – сiмвал Панямоння. Яны ззяюць, як вяселка, і, здаецца, пахнуць ружамі. А пачалося ўсё з таленавітай Ядвігі Райскай з Адэльску. Сваё майстэрства яна перадала па спадчыне. Цікава, што раней дываны і посцiлкi не толькі стваралі настрой у хаце, але і замянялі фотаатэлье. На іх фоне здымалі маладых і сем’і. Так прыгожа і так па-беларуску.

5.png

Наталля Рамановіч: 

— На жаль, у нас няшмат захавалася дываноў, але яны прадстаўлены шырока ў Гудзевічах у Мастоўскім раёне. Спачатку, напрыклад, падвойнае ткацтва, падвойныя дываны былі больш такіх прыглушаных адценняў – гэта чырвоны, чорны, а потым, нам Ірына Бернатовіч казала, у Гродна на вуліцы Віленскай у прыватнай майстрыхі мы куплялі ўжо фарбы.  

6.png

Ад поля да смачнага каравая. У Зарачанцы можна прасачыць увесь шлях нараджэння хлеба. Тут і багаты ўраджай у свіране і цуды былой тэхнікі.

7.png

Наталля Рамановіч:  

 Гэта ступа. Не проста вось так пастукаць, а гэта трэба ж было перамалоць на муку. Рабілі мужчыны, а працавалі жанчыны.  

8.png

Дарэчы, хлеб і іншыя стравы нацыянальнай кухні ў Адэльску ў нашым спісе гісторыка-культурнай спадчыны. Таму гэты аграгарадок вырашылі звязаць з Зарачанкай і арганізавалі цудоўны ваяж, дзе турысты могуць паўдзельнічаць у кулінарных майстар-класах і пачаставацца на славу.

9.png

Яшчэ адно беларускае золата – саломка. Шэдэўры гродзенскай школы таксама прадстаўлены ў музеі. Але важна тое, што традыцыі перадаюць новаму пакаленню.

 

Iрына Шавельская, майстар народных мастацкіх промыслаў:  

 А цяпер мы з дзеткамі робім абярэг, вось такіх невялікіх анёлаў. Я, напрыклад, люблю скульптуру саламяную – зубры, буслы, лялькі.  

11.png

Анастасiя Макеева, карэспандэнт:  

— А вось і адзін з самых каштоўных экспанатаў. 17 майстрых з Гродзенскага раёна прызналіся ў каханні малой Радзіме і выткалі 20-метровы ручнік. Прычым, кожнае мястэчка мае свой асабісты брэнд. Так, у Путрышках праходзіць фестываль марозiва, у Абухава – мядовы спас, а ў Адэльску – фестываль млынароў.  

12.png

Наогул, Гародня – сапраўдны музейны квэст. Нядаўна ў цэнтры горада адкрылі музей лесу, у Індуры ёсць скарбніца лялек, а ў Сапоцкіне – музей пісанкі. І спыняцца супрацоўнікі культуры не збiраюцца. У наступным годзе сюрпрыз ў стылі этна чакае Квасоўку. Адным словам, ёсць на што паглядзець і дзе натхніцца.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website