У Грынках Свiслацкага раёна адчынены Музей культуры і творчасці
Як паведамляе «Свiслацкая газета», сваё сёлетняе прафесійнае свята супрацоўнікі культуры абазначылі значнай падзеяй – адкрыццём Музея культуры і творчасці.

Урачыстасць з гэтае нагоды праходзiла ў Грынках. Менавiта тут, у мясцовым сектары культуры і вольнага часу, i размясцiўся музей.

У лiку першых наведвальнiкаў – старшыня Свiслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкi, старшыня Свiслацкага раённага Савета дэпутатаў Вiктар Суботка, начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi райвыканкама Iрына Паўлючэня, кiраўнiкi ўстаноў культуры раёна, творчых калектываў, ветэраны культуры.

– Я з вялiкiм задавальненнем сюды прыехаў, – адзначыў старшыня райвыканкама. – З гэтым домам культуры ў мяне звязаны самыя лепшыя ўспамiны. Добра памятаю, калi ўсёй вобласцi ў прыклад прыводзiў работу Грынкаўскага сектара культуры. Дзякуй вам за тое, што зрабiлi. Самае галоўнае ў справе – гэта людзi, якiя за яе перажываюць, укладваюць у яе сваю душу. Тады i вынiк будзе. I важна, каб гэты вынiк заўважаўся i ацэнiваўся. Надзея Мiкалаеўна, дзякуй, што сабралi ў адным месцы культурную памяць. Безумоўна, гэта толькi пачатак. Свiслаччына багатая. Калi я магу якуюсьцi лепту ўнесцi, быць карысным у дадзенай справе, з вялiкiм задавальненнем гэта зраблю.

У ролi першага экскурсавода выступiла Надзея Карпюк, якой i належыць iдэя стварэння музея. За плячыма гэтай iнiцыятыўнай i энергiчнай ветэранкi працы ляжыць сапраўды вялiкi пласт плёну.

 Чалавек павінен ведаць гісторыю сваёй краіны, сваёй малой радзімы, свайго роду і той галіны, дзе ён працаваў усё жыццё, – упэўнена Надзея Мікалаеўна. – Вось як мы – у культуры. I не проста ведаць, але і захоўваць. Не сумняваюся, што музей будзе запатрабаваны. Я вельмi задаволена, што у мяне ўсё атрымалася. Адчуваю, што нездарма запалiлася на небасхiле мая зорка. Магчыма, гэты храм памяцi аб людзях, што ў розныя гады працавалi ў культуры, iх справах i дасягненнях i ёсць мой аўтограф на Зямлi…










Наталля ТУРКО, фота аўтара, https://svisgaz.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website