Якiм ён быў? Не стала выдатніка народнай асветы зэльвенца Карла Канановiча

Як паведамляе зэльвенкая газета «Праца», нядаўна не стала выдатніка народнай асветы К.А. Канановіча. Калегі па рабоце пазванілі ў рэдакцыю і падзяліліся сваімі ўспамінамі аб гэтым цудоўным чалавеку.

ТРЫВОЖНАЕ МАЛЕНСТВА

Вёска Бібікі, у якой нарадзіўся і рос Кароль (так называлі яго ў дзяцінстве), ніколі не была вялікай. Таму ўсе яе жыхары, у тым ліку і дзеці, ведалі кожнага аднавяскоўца. Ды і праблемы кожнай сям’і не былі закрытай тэмай у размовах. А неўзабаве да лакальных праблем вёскі дадаліся і вялікія. У верасні 1939 года адбылася змена ўлады, маладых мужчын напярэдадні гэтай падзеі прызвалі ў войска на польска-нямецкую вайну, з якой не ўсе вярнуліся. А ў чэрвені 1941-га пачалася Вялікая Айчынная вайна, акупацыя…

Карлу якраз надыйшла пара ісці ў школу. Ды якую! Яе будавалі ўсёй вёскай некалькі перадваенных гадоў; першых вучняў яна прыняла ў 1939-м. А Карлу і яго равеснікам давялося асвойваць грамату дома. Яго першай настаўніцай стала сястра. Будынак школы пачалі выкарыстоўваць немцы (партызаны хацелі спаліць школу разам з немцамі, ды мясцовыя народныя мсціўцы адгаварылі П.І.Булака ад гэтага: вельмі многае звязвала жыхароў Бібік з гэтым будынкам).

За гады нямецкай акупацыі давялося перажыць шмат жаху. Адзін найстрашнейшы дзень у гісторыі вёскі запомніўся Карлу назаўсёды. Немцы сагналі ўсіх жыхароў у канец вёскі на расстрэл. Дапытваліся, хто дапамагае партызанам. Здавалася, нішто не ўратуе людзей. Але адбыўся цуд: усіх адпусцілі. Як гаварылі між сабой старэйшыя, не дапусціў расправы сам Бог: немцы пастроілі людзей каля крыжа, і зладзейства там не магло здзейсніцца…

У 1944-м адчыніла свае дзверы ўцалелая школа. Разам з малымі за парты селі і пераросткі. Давялося за год авалодваць праграмамі двух ці нават трох гадоў. (Настаўнікам было дадзена права атэстоўваць вучняў перад пачаткам навучальнага года). Карлу вельмі хацелася вучыцца, і ён пераадолеў усе перашкоды. Паспяхова закончыў Бібіцкую сямігодку, а потым і Зэльвенскую сярэднюю школу. У Зэльву дабіраўся не па шашы, а напрамкі, праз раку, на якой людзям штогод пасля веснавой паводкі даводзілася ўзнаўляць драўляны мосцік.

СЕЛЬСКІ НАСТАЎНІК

Яшчэ ў Бібіцкай школе настаўнікі заўважылі здольнасць Карла да дакладных навук. Потым, у Зэльвенскай сярэдняй, хлопец змог праявіць свой дар значна паўней. Удзельнічаў у школьных і раённых спаборніцтвах па фізіцы і матэматыцы. А пасля школы падаў дакументы ў Гродзенскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. На завочнае аддзяленне, бо трэба было дапамагаць маці ўтрымліваць сям’ю: бацькі ўжо не было ў жывых. Паспяхова здаў уступныя экзамены, потым – першую сесію. Паколькі настаўнікаў у 50-ыя гады вельмі не хапала, яго накіроўваюць у Аляксандраўшчынскую сямігодку выкладаць матэматыку для вучняў 5-7 класаў.

Было і цікава, і страшнавата. Але пасляваенныя дзеці цягнуліся да ведаў, паважалі настаўнікаў. Карл, які стаў Антонавічам, цярпліва вучыў дзяцей, напружана вучыўся сам.

Пасля Аляксандраўшчынскай сямігодкі была Дзяркацкая. Тут Карл Антонавіч затрымаўся надоўга: закончыў вучобу ў інстытуце, сустрэў будучую жонку, стварыў сям’ю. Малады настаўнік часта затрымліваўся ў школе пасля заняткаў, дапамагаў разабрацца са складанымі пытаннямі адстаючым, а паспяховым – рыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядах.

12 год працы ў сельскай школе далі многае: ён наведвае ўрокі вопытных настаўнікаў Крамяніцкай, Зэльвенскай, Міжэрыцкай школ; апрабоўвае розныя методыкі на сваіх уроках і адстойвае права на стварэнне персанальнай методыкі. Ужо і на яго адкрытыя ўрокі прыязджаюць маладыя фізікі і матэматыкі з розных школ раёна. Калегі бачаць, што і характар Карла Антонавіча адпавядае абранай прафесіі: дакладнасць, акуратнасць, уважлівасць.

ЗАГАДЧЫК ЗЭЛЬВЕНСКАЙ ФІЛЬМАТЭКІ

У лютым 1967 года Карла Антонавіча прызначылі загадчыкам раённай фільматэкі. Амаль 13 гадоў заставаўся ён на гэтай пасадзе. Да сучасных тэхнічных сродкаў у дапамогу навучанню было далёка. Трэба было творча выкарыстоўваць наяўнае. І Карл Антонавіч скрупулёзна вывучаў усе даступныя матэрыялы, вышукваў самыя якасныя фільмы ў дапамогу школьным прадметам, на семінарах рэкамендаваў іх настаўнікам. Малодшых настаўнікаў карыстацца кінаапаратурай пачалі вучыць у інстытутах, старэйшых Карл Антонавіч вучыў сам. З яго дапамогай кожны год папаўнялася сям’я тых, хто атрымліваў пасведчанні аб праве дэманстраваць вучэбныя кінафільмы. (А вучоба ў Карла Антонавіча была сур’ёзнай: тэорыя, практыка, залікі).

З дапамогай заўзятага “прапаведніка” тэхнічных сродкаў у раёне праводзіліся семінары, навукова-практычныя канферэнцыі. М.І.Кароза згадвае, як шмат дапамагаў яму Карл Антонавіч пры падрыхтоўцы абласнога семінара настаўнікаў матэматыкі, які праходзіў на базе Чырванасельскай школы. Яны тады выкарысталі магчымасці кінаўстаноўкі і дыяпраектара, спалучылі разам іх адлюстраванні. Каб дабіцца належнага эфекту, разлічвалі матэматычна хуткасць руху, чарцілі зменлівыя карцінкі, як тыя мультыплікатары для дзіцячых фільмаў. І поспех быў! Многія потым звярталіся да Мікалая Іванавіча і Карла Антонавіча за дапамогай, бо такіх, як сёння кажам, праектаў не было ні ў адной школе вобласці.

Нездарма толькі за перыяд работы ў фільматэцы Карлу Антонавічу былі аб’яўлены тры падзякі, двойчы прысвойвалася званне пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, два разы ўзнагароджваўся ён Ганаровымі граматамі рана і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР. А летам 1979 г. Карл Антонавіч атрымаў званне “Выдатнік народнай асветы”. Зэльвенская фільматэка стала лідарам сярод іншых аналагічных устаноў вобласці.

ІНСПЕКТАР ЗЭЛЬВЕНСКАГА РАНА

Не дзіўна, што Канановіча запрашаюць на працу ў аддзел народнай адукацыі Зэльвенскага райвыканкама. У яго абавязкі ўваходзіць інспектаванне работы школ па працоўным навучанні. У гэтыя гады якраз праходзілі станаўленне вучэбна-вытворчыя камбінаты ў Дзярэчынскай і Міжэрыцкай школах. Старшакласнікі атрымлівалі там прафесіі, якія потым маглі стаць асноўнымі ў іх дарослым жыцці. Шмат увагі ўдзяляў інспектар гэтым установам, разумеючы важнасць іх для кожнага навучэнца і дзяржавы ў цэлым. Арганізоўвалі конкурсы “Лепшы па прафесіі”, пераймалі вопыт іншых ВВК вобласці, дзяліліся сваім.

Азы прафесійных навыкаў выкладалі для школьнікаў 5-8 класаў настаўнікі працоўнага навучання. Сярод іх былі такія асы сваіх прадметаў, як муж і жонка Лазуты ў Зэльвенскай СШ. У такіх Карл Антонавіч ніколі не саромеўся вучыцца сам. І маладым гаварыў: “Перш чым захапляцца вопытам незнаёмых вам настаўнікаў вобласці ці рэспублікі, прыгледзьцеся да нашых, зэльвенскіх”. Ён не хацеў, каб яго, інспектара, баяліся. Галоўнае, лічыў, – каб давяралі яго кампетэнтнасці і справядлівасці. І сёння, слухаючы былых калег, бачыш: так яно і было. Скрупулёзны, але вельмі тактоўны і аб’ектыўны – такім запомнілі яго тыя, каго інспектаваў Карл Антонавіч. Пакрыўдзіць чалавека – не ў яго правілах. Падказаць, параіць, падштурхнуць, папярэдзіць – вось што было ў арсенале кампетэнтнага правяраючага.

Як адзін з лепшых работнікаў рана, Карл Антонавіч і ў тыя гады атрымліваў падзякі і Ганаровыя граматы. То за якасную падрыхтоўку абласнога, то рэспубліканскага семінараў у школах, якія курыраваў.

Быў прыкладам для калег і на суботніках, калі выязджалі ў калгасы. Сялянскі сын, што змалку ведаў толк у справе на зямлі, вучыў малодшых касіць, абсекваць галіны дрэў на сілас (было і такое ў засушлівыя гады), размяркоўваць сілы, каб хапіла на ўвесь дзень. І ўсё з дасціпным жартам, без крыўды на няўмех.

Незадоўга да пенсіі папрасіўся ў бліжэйшую да Зэльвы школу. Якраз было свабодным месца настаўніка фізікі і матэматыкі ў Бародзіцкай базавай школе. Адтуль і пайшоў на заслужаны адпачынак.

СЕМ’ЯНІН

Адзіную на ўсё жыццё жанчыну Карл Антонавіч сустрэў у Дзеркачах. Фрыда Яфімаўна працавала ў калгасе аграномам, а калі пажаніліся, стала выкладаць у школе біялогію. У Дзеркачах у маладой сям’і нарадзіліся два хлопчыкі – Юра і Віця. Гадаваліся разам з дзецьмі дырэктара – У.І.Руды. Ні ў тых, ні ў другіх не было побач бабуль, таму было няпроста сумяшчаць напружаную працу ў школе, грамадскія абавязкі (а іх у настаўнікаў заўсёды шмат), і сямейныя. Так што дзяцей выхоўвалі не павучаннямі, а асабістым прыкладам. Хлопчыкі бачылі: асноўнае ў жыцці бацькоў – праца, праца і праца. І самі раслі вялікімі працалюбамі, гатовымі раздзяліць сямейныя абавязкі з мамай і татам.

Старэйшы сын Канановічаў даўно жыве каля Гродна. А вось малодшы з сям’ёй – у Зэльве. І пакуль быў жывавейшы, Карл Антонавіч часта наведваўся да сына і нявесткі, якую лічыў дачкой. Не толькі на словах лічыў, але і адносіўся па-бацькоўску. Калі цяжка захварэла Фрыда Яфімаўна, на прапанову нявесткі дапамагчы, заўсёды адказваў: “У цябе сваіх абавязкаў шмат. Спраўлюся сам”. І спраўляўся. Знаёмыя жанчыны па-добраму зайздросцілі Фрыдзе Яфімаўне: не ў кожнай такі клапатлівы муж.

Вельмі ганарыўся Карл Антонавіч чатырма ўнукамі і трыма праўнучкамі. Адна з унучак – член валейбольнай каманды “Мінчанка”. Сустракаючыся са знаёмымі фізкультурнікамі, заўсёды цікавіўся: “Ты глядзеў чэмпіянат? Бачыў, як мая Насця гуляе?”.

УЛЮБЁНЫ Ў РОДНЫЯ МЯСЦІНЫ

Моцна любіў Карл Антонавіч свае Бібікі. Калі мы рыхтавалі нарыс пра вёску, ён расказаў шмат цікавага пра яе жыхароў. А “Працу” з аповедам пра Бібікі даслаў у Чалябінск сябру дзяцінства. А той у сваю чаргу копію пераслаў землякам у Хабараўск. Так што дзякуючы Карлу Антонавічу і Генадзю Іванавічу Нічыпару “слух о нас прошел по всей земле российской”. У лістах і пры рэдкіх сустрэчах сябры ўспаміналі ўсіх жыхароў роднай вёскі, усё, чым яна славілася. Да вайны ў вёску прыязджалі перакупшчыкі і скуплялі вішню, чарэшню. А яшчэ – агуркі, і дзеці вельмі ганарыліся, калі чулі: “Бібікі – агурэчная вёска”.

Славіліся Бібікі і садамі. У памяці захаваліся назвы дрэў, што зрасліся са сваімі гаспадарамі: Ясеў ясень, Базылёў дуб, Франін граб, ліпа Чарнецкага…

Каля школы рос вялізны топаль, які пасадзіў Сярожа Кароткі. Хлопчык рана памёр, а топаль рос і нагадваў сябрам пра яго. Калі топаль зрэзалі, Карлу Антонавічу і Генадзю Іванавічу здавалася, што гэта другі раз пахавалі Сярожу…

І ўсё ж успаміны аб былым засталіся светлымі. Як пісаў Карлу Антонавічу бібіцкі чалябінец Нічыпар,

Зацвітуць калі сады,
Залюбуешся тады.
Наша вёсачка цалкам
Нібы зліта малаком.
Каля Бібікаў ідзеш, –
Проста воч не адвядзеш.

Яніна ШМАТКО, «Праца», https://zelwa.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website