З падзякай – сапраўдным абаронцам. На Бераставіччыне ветэраны вайны атрымалі матэрыяльную дапамогу ад райвыканкама

Як паведамляе «Бераставiцкая газета», матэрыяльную дапамогу ў памеры дзвюх базавых велічынь атрымалі ад раённага выканаўчага камітэта напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь  ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з Бераставіччыны.

22 лютага намеснік старшыні  Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Шчука і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова наведалі ветэранаў-мужчын, якія пражываюць у нашым раёне, каб павіншаваць са святам тых, хто з’яўляецца сапраўдным абаронцам Айчыны і цаной  свайго жыцця ў гады вайны здабываў для нас свабоду і незалежнасць.

Андрэй Іосіфавіч выказаў ветэранам вайны словы шчырай падзякі за іх неацэнны ўклад у набліжэнне Вялікай  Перамогі, за працу па аднаўленні краіны ў пасляваенныя гады, пажадаў моцнага здароўя,  даўгалецця і ўручыў матэрыяльную дапамогу, выдзеленую са сродкаў мясцовага бюджэту.

Віншаванні атрымлівае П.А. Шкулепа з аг. Пагранічны

Да слоў віншаванняў далучылася і Алена Сілкова, яна падзякавала ветэранам за іх баявы подзвіг, якім яны здабылі  нам магчымасць жыць пад мірным небам, і пажадала, каб яны як  мага даўжэй заставаліся ў страі.

З.Е. Акуліч з аг. Кватары

Дарэчы, жанчыны-ветэраны атрымаюць грашовыя сродкі напярэдадні 8 Сакавіка.

Застаецца толькі дадаць, што  матэрыяльную дапамогу ад райвыканкама ветэраны вайны на Бераставіччыне атрымліваюць не толькі да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, але і напярэдадні   Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара, http://www.beresta.by/

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website