Адно шчасце на дваіх. Сям’я Мацюк з Лідскага раёна адзначыла дыяментавае вяселле

Адно шчасце на дваіх. Сям’я Мацюк з Лідскага раёна адзначыла дыяментавае вяселле

Чым большы юбілей, тым ён каштоўнейшы.

Кожная такая ўрачыстасць – гэта цаглінка ў муры сямейнага замка, яшчэ адна гарантыя трываласці будынка, які называецца домам і сям’ёй. Марыя Іосіфаўна і Іван Афанасьевіч Мацюк з вёскі Малышы Ходараўскага сельсавета днямі адзначылі дыяментавае вяселле. Нягледзячы на ўсе складанасці, якія сустракаліся на іх жыццёвым шляху, юбіляры змаглі захаваць свае адносіны на працягу шасцідзесяці гадоў, расказвае lidanews.by.

Калі ўваходзіш у дом сельскіх жыхароў, разумееш: тут жыве шчаслівая сям’я. На такія думкі, магчыма, наводзяць спакойная ўсмешка гаспадыні, утульнасць дома і шмат сямейных фотаздымкаў, якімі ўпрыгожаны сцены і мэбля ў пакоях. Муж і жонка ставяцца адно да аднаго з павагай. З першага позірку бачна, што быць разам для іх вялікае шчасце.

Шэсцьдзясят гадоў ідуць Марыя Іосіфаўна і Іван Афанасьевіч разам, з’яўляючыся яркім прыкладам для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Яны яшчэ памятаюць, як маладыя сэрцы перапаўняла моцнае і гарачае пачуццё кахання. З гадамі да яго дадаліся павага, дабрыня, разуменне. Злучыўшы свае лёсы, муж і жонка ўзялі на сябе немалы груз сямейных клопатаў, надзей і радасцей. А самае галоўнае – агеньчык, які калісьці ўспыхнуў у сэрцах, пранеслі праз гады. Таму і глядзяць адно на аднаго так, як быццам ім зноў усяго крыху за дваццаць.

 Бывала, і сварыліся, без гэтага не пражыць, – кажуць брыльянтавыя “маладыя”. – Пасварымся ды памірымся. У сямейным жыцці важна навучыцца ўступаць, ва ўсім дапамагаць адно аднаму. Шмат гадоў аддалі мясцоваму калгасу. Дзе толькі не давялося працаваць: і на ферме, і на таку, і ў полі! Дома трымалі вялікую гаспадарку: каня, дзвюх кароў, свіней, птушак. Клопатаў было шмат, ды і дзяцей трэба было падымаць. Але жыццёвыя цяжкасці толькі загартавалі нас.

Муж і жонка ўпэўненыя: пражыць разам шчаслівае і доўгае жыццё – велізарнае шчасце і вялікая праца. Галоўнае – паважаць адно аднаго, любіць, уступаць і шукаць згоды ў цяжкіх сітуацыях. Прытрымліваючыся іх прыкладу і мудрых парад, навучыліся пераадольваць цяжкасці і іх дзеці. Як і бацькі, яны беражліва захоўваюць свае сямейныя традыцыі. І хоць яны даўно жывуць у іншых гарадах, імкнуцца часцей прыязджаць на сваю малую радзіму – у вёску Малышы. Не забываюць дзядулю з бабуляй і ўнукі. Іх чацвёра, ёсць двое праўнукаў.

– Вельмі  цяжка апісаць, якія намаганні  прыклалі  бацькі, каб вырасціць нас, паставіць на ногі, – заўважыў сын Мікалай. – Тата і мама – самае каштоўнае, самае дарагое і роднае, што ёсць у жыцці. Гэта людзі, якія падарылі мне жыццё, якіх я цаню, паважаю, берагу. Іх саюз – прыклад прыстойнасці, клапатлівасці, уважлівасці. Яны лепшыя дарадчыкі і сябры. У бацькоў мы вучыліся цярпенню і працавітасці. Нездарма кажуць, што падтрымка бацькоў – наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а іх любоў – нашы крылы за спінай. Як бы ні склалася жыццё, тыя шчаслівыя гады, якія яны нам падарылі, заўсёды будуць крыніцай аптымізму, веры ў сябе і навакольных людзей.

І сапраўды, сучаснай моладзі варта павучыцца прамудрасцям сумеснага жыцця, карыстацца парадамі нашых герояў, зразумець, як захаваць сямейную ідылію на працягу доўгіх гадоў. Увогуле, сакрэты доўгага сямейнага жыцця простыя і зразумелыя кожнаму: узаемаразуменне, спагадлівасць, паважлівае стаўленне адно да аднаго, уменне дараваць і не трымаць зла на блізкага чалавека. Марыя Іосіфаўна і Іван Афанасьевіч любяць жыццё, радуюцца кожнаму новаму дню, аберагаюць сямейны ачаг на працягу шасцідзесяці гадоў. Няхай і далей у іх доме пануюць мір і згода.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website