Боль Хатыні – наш боль… На месцы гібелі жыхароў вёскі Зінякі прайшоў мітынг памяці

За гады акупацыі фашысты спалілі ў Беларусі 9200 сёл і вёсак, 5295 з іх яны знішчылі разам з усім ці часткай насельніцтва. Больш за 310 вёсак былі спалены на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, паведамляе газета «Дзяннiца».

 

Агульным помнікам гібелі людзей стала вёска Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці. 22 сакавіка споўніцца 78 гадоў гэтай вогненнай людской трагедыі… У той дзень фашысцкія карныя атрады ў адплату за дапамогу мясцовым партызанам расстралялі і спалілі жывымі сто сорак дзевяць мірных жыхароў, сярод якіх былі жанчыны, пажылыя людзі і дзеці.

16 сакавіка – напярэдадні гэтай трагічнай даты, у нашай краіне стартавала патрыятычная акцыя «Памяць». У гэтыя дні – дні памяці спаленых у Беларусі вёсак — мы схіляем галовы перад  загінуўшымі жыхарамі Хатыні і многіх іншых населеных пунктаў, жыцці якіх забраў агонь фашызму, добраўпарадкоўваем месцы пахаванняў і наводзім там парадак. На месцах гібелі людзей праходзяць мітынгі… Тысячы беларусаў па ўсёй краіне аб’яднала гэтая страшная бесчалавечная трагедыя.

  

На Шчучыншчыне ў Хатыні таксама ёсць вёскі-сёстры, жыхары якіх у гады вайны былі расстраляны і спалены жывымі. Гэта вёскі Зінякі і Агародзішча.

147 мірных жыхароў вёскі Агародзішча знішчылі нямецкія карнікі ў лютым 1943 года. Вакол вёскі – Гродзенская пушча. Там дзейнічаў партызанскі атрад. Знайсці яго фашысты не змаглі і вырашылі адпомсціць мірным жыхарам. Гэтая трагедыя не стала для Шчучыншчыны апошняй у гады вайны. Усяго за паўгода да вызвалення Беларусі – 22 студзеня 1944 года – была знішчана вёска Зінякі Шчучынскага раёна.

Напярэдадні трагічнага дня ноччу нямецкія карнікі акружылі вёску, раніцай абышлі кожны дом у пошуках партызан, але нікога не знайшлі. Азвярэлыя фашысты сагналі людзей у чатыры хлявы на розных канцах вёскі, забілі дзверы і падпалілі… Не пашкадавалі нават дзяцей…

 

  

У нашы дні пра тыя страшныя падзеі з гісторыі Зінякоў нагадвае манумент, узведзены ў цэнтры вёскі. Ужо ў мірны час астанкі людзей з чатырох месцаў знеслі ў адно, і ўсіх пахавалі ў брацкай магіле. На вялізнай гранітнай пліце – сотні прозвішчаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, тут загінулі 419 чалавек, у тым ліку 68 дзяцей, а таксама 65 жыхароў суседніх вёсак, якія выпадкова апынуліся ў тую ноч у Зіняках.

Сёння ў тым свяшчэнным месцы прайшоў мітынг памяці «Трагічныя сёстры Хатыні», удзел у якім прыняла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта, прадстаўнікі працоўных калектываў і ветэранскай арганізацыі, мясцовыя жыхары і жыхары навакольных вёсак, педагогі і школьнікі…

 

Перад пачаткам мітынгу за спакой душ загінуўшых людзей памаліўся айцец Аляксей – настаяцель Астрынскай праваслаўнай царквы.

Літаральна за жывое кранае кожнае слова вядучых Галіны Люткевіч – метадыста Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, і Станіслава Сімановіча – мастацкага кіраўніка Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці, якія расказваюць пра трагічныя падзеі, якія прыйшлося перажыць нашай краіне, пра боль і пакуты, што выпалі на долю беларускага народа, пра тое, як і сёння ў Хатыні плачуць званы…

  

Да ўдзельнікаў мітынгу звяртаецца Алена Пасюта:

– Сёння мы аддаём даніну памяці жыхарам Хатыні, якім фашысты вынеслі смяротны прыгавор. Нам ніколі не забыць і не змірыцца з гэтай трагедыяй. Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы знішчаных беларускіх вёсак, сярод якіх і вёскі Шчучынскага раёна – Зінякі і Агародзішча, аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, загінуўшага падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэты боль назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах, як памяць пра жорсткія злачынствы супраць чалавечнасці. Дарагою цаною дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу. На жаль, свет забывае мінулыя ўрокі… Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у страшнай вайне, гаворым усім: «Няхай гучаць званы Хатыні і перасцерагаюць ад новай трагедыі, няхай іх металічны плач данясецца да тых куточкаў Зямлі, дзе сёння забылі, што жыццё – гэта дар неба, а мір – самая вялікая каштоўнасць.» І мы павінны помніць пра гэта.

 

 

Страшныя сляды пакінулі трагедыі спаленых вёсак у памяці людзей – іх удзельнікаў, якія цудам засталіся ў жывых. З кожным годам іх усё менш побач з намі, толькі помнікі і мемарыялы нагадваюць сёння аб падзеях, якія адбыліся, аб тым, што там загінулі людзі. Нядаўна сышоў ад нас і апошні сведка зінякоўскай трагедыі Мікалай Іосіфавіч Журун. На шчасце яго ўспаміны, як і іншых  відавочцаў трагедыі, збіраліся і беражліва захоўваюцца. Шмат сіл і часу для захавання дакументальнай памяці прыклала бібліятэкар Астрынской бібліятэкі Ганна Сцяпанчанка.

– Я вельмі ўдзячна лёсу, які дазволіў мне сустрэцца з такімі людзьмі, – падзялілася сваімі думкамі Ганна Аляксандраўна. – Нягледзячы на ўсе жахі, якія ім давялося перажыць, яны не страцілі жадання жыць, ва многім былі прыкладам для нас.

У самае сэрца пранікалі радкі з верша, напісанага Ганна Аляксандраўнай, які яна прысвяціла спаленай вёсцы і загінуўшым жыхарам: «…Шапочуць бярозкі, рыпяць побач дрэвы, нібы над зямлёю гучыць ціхі стогн. І вёска заве: людзі добрыя, дзе вы? І мы аддаём ім з малітвай паклон…»

Мемарыял у вёсцы Зінякі назаўсёды застанецца месцам яднання ўсіх пакаленняў, якім неабыякавы лёс нашай краіны. У гэтым пераканана дырэктар Астрынскай СШ імя. А. Пашкевіч (Цёткі) Юлія Скарынка.

– Вельмі важна, што сёння менавіта моладзь аб’ядналася ў адзіным парыве, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія загінулі ад рук фашызму, – падкрэсліла Юлія Рамуальдаўна. –  За маладымі людзьмі будучае, ім берагчы і захоўваць нашу краіну. І помніць яе мінулае.

Дзяўчаты ўстанаўліваюць на мемарыяле запаленыя лампадкі, на халодныя пліты кладуцца вянкі і жывыя кветкі. Мінута маўчання… Мы помнім…

Завершыцца тыдзень памяці 22 сакавіка ў Хатыні – самым знакавым і трагічным месцы Беларусі. 78-годдзю знішчэння вёскі будзе прысвечаны мітынг-рэквіем…

Ганна РУДСКАЯ, фота аўтара, «Дзяннiца», http://dzyannica.by/

Видео Татьяны Черкес

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website