У Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылося пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка”

 

 

Мерапрыемства прайшло ў форме літаратурна-музычнага салона пад назвай “Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі” і было прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Падчас сустрэчы вялася размова аб тым, што Максім Багдановіч –гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Творчасць славутага майстра – гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Але перш за ўсё, М. Багдановіч – арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Ён стварыў вершы, поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, унутранай засяроджанасцю, музычнасцю, эмацыянальнасцю.

Акрамя ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка” на мерапрыемстве прысутнічаў старшыня Іўеўскай раённай ветэранскай арганізацыі Іван Станіслававіч Жыдзель. Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з асноўнымі этапамі жыцця і творчасці Максіма Багдановіча.

З замілаваннем госці слухалі і самі чыталі вядомыя ўсім нам з дзяцінства вершы М. Багдановіча, якія зачароўваюць сваёй напеўнасцю і мілагучнасцю.

Чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства прайшлі дзіўныя мелодыі песень, пакладзеных на вершы М. Багдановіча. Прысутныя слухалі ў запісу і спявалі такія цудоўныя песні як: «Зорка Венера», «Вераніка», «Слуцкія ткачыхі», «Па-над белым пухам вішняў» і іншыя.

Творчасць паэта – гэта тая зорка, што з кожным годам усё больш і больш разгараецца і становіцца ўсё ярчэй. І так будзе заўсёды, пакуль нам, беларусам, жыць на зямлі. Спадчына выдатнага майстра стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website