Астравецкія ветэраны працы спявалі, танцавалі і вершы са сцэны чыталі

Спявалі, танцавалі ды ўласныя вершы са сцэны чыталі – пажылыя людзі  Астравеччыны прадэманстравалі, што ніколі не састарэюць душой. У шматфункцыянальным культурным комплексе прайшоў конкурс народнай творчасці ветэранскіх калектываў, прысвечаны Году гістарычнай памяці.

Праўда, на яго правядзенне паўплывала неспакойнае эпідэміялагічнае становішча з-за каронавіруса: спачатку планавалася выступленне шасці калектываў, а пасля 3 адмовіліся ад удзелу. У іх лік трапіў і народны хор ветэранаў працы, які даўно стаў візітоўкай культурнай Астравеччыны і без якога не абыходзілася ні адно раённае мерапрыемства. На жаль, у апошні час рады гэтага калектыву прыкметна парадзелі і хор адчувае кадравы голад. Але наш раён заўсёды быў багаты талентамі, у тым ліку і вакальнымі. Таму, калі вам падабаецца спяваць, звяртайцеся ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе дапамогуць звязацца з кіраўніком хора.

Што тычыцца конкурсу, то невялікая колькасць удзельнікаў ніяк не паўплы­вала на якасць мерапрыемства – гэта было сапраўднае свята творчасці. Галоўнымі героямі сталі ансамбль народнай песні «Вілія» аддзела культуры і вольнага часу аг. Міхалішкі, танцавальны калектыў «Чаромушкі» Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і калектыў раённага аддзела адукацыі «Астравецкай асветы самацветы».

Праграма складалася з дзвюх частак. Першая прысвячалася гістарычнай памяці народа – і кожны калектыў прадэманстраваў сваю версію значнасці мінулага. Міхалішкаўская «Вілія» зачаравала песняй, дзе любое слова было прасякнута любоўю да роднай старонкі. Няўрымслівыя «Чаромушкі» павесялілі запальваючай кадрыллю. А ветэраны педагагічнай працы «Астравецкай асветы самацветы» выканалі вальс у памяць продкаў, музыка да якога была пакладзена на верш Людмілы Кухарэвіч. І пакуль настаўнікі спявалі, вакол іх кружылі ў танцы школьнікі, а на экране дэманстраваліся здымкі вайскоўцаў, што не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны. Гераічнае мінулае продкаў павінна жыць у памяці народа і перадавацца з пакалення ў пакаленне.

А вось у другой частцы ветэранскія калектывы дэманстравалі творчае майстэрства на адвольную тэматыку. І зноў гэта былі рознажанравыя выступленні, кожнае з якіх уражвала і здзіўляла. «Вілія» парадавала беларускай песняй, толькі на гэты раз мінорныя ноткі змяніліся вясёлымі і гледачы дружна падпявалі калектыву: «Раз, два, тры, каліна, белы-белы цвет»… Пад задорны танец «Чаромушак» немагчыма было ўседзець на месцы – ногі самі прытупвалі ў такт. А «самацветы» расчулілі да слёз: свой верш-прызнанне ў любові роднай школе прачытала-пражыла пад інсцэніроўку калег Ядвіга Каятанаўна Шаблінская.

На гэтым конкурс завяршыўся для ўдзельнікаў, але не для гледачоў. Пакуль журы падводзіла вынікі, прысутныя апладысментамі, авацыямі ды спевамі пад караоке вядомых шлягераў вызначалі лепшых у намінацыі «Самы згуртаваны калектыў». Гэтае званне ў выніку атрымалі «Чаромушкі».

А вось з вызначэннем пераможцы  было больш складана. Паколькі канкурсанты выступалі у розных жанрах, журы не змагло аддаць перавагу камусьці аднаму – Дыпломамі І ступені і падарункамі ўзнагароджаны ўсе 3 ветэранскія калектывы.


Некалькі слоў ад журы

Данута Блашкевіч, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь:

– Скарылі і ўразілі да глыбіні душы ўсе ўдзельнікі. Я пры­танцоўвала, падпявала і змахвала слязу ад вершаў. Дзякуй за такое цудоўнае свята.

Марына Арлоўская, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў:

– Паважаныя ветэраны працы, як добра, што вы знаходзіце час для творчасці – і радуеце нас такімі выдатнымі нумарамі. І хто, як не вы, данясеце да падрастаючага пакалення праўдзівыя гістарычныя факты і захапленне беларускай культурай.

Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:

– Мы ўбачылі сплаў мудрасці, вопыту і маладосці. Дзякуй, шаноўныя калегі, што захоўваеце і працягваеце папулярызаваць нацыянальныя традыцыі і не забываеце на матчыну мову.

Вольга Баяровіч, загадчык сектара культуры:

– Удзельнікі даказалі, што астравецкія ветэраны не старэюць душой – і нам ёсць на каго раўняцца. Спадзяюся, гэты конкурс стане традыцыйным і ў наступным годзе ўдзельнікі зноў парадуюць яркімі відовішчнымі нумарамі.





https://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website