Медыцынская сястра Лукскай бальніцы сястрынскага догляду Ірына Жураўлёва ў прафесіі амаль 50 гадоў
Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана медыцынская сястра Лукскай бальніцы сястрынскага догляду ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Ірына Канстанцінаўна Жураўлёва. Напярэдадні прафесійнага свята — Дня медыцынскіх работнікаў — журналіст газеты «Полымя» вядзе з ёй гутарку.
— Ірына Канстанцінаўна, якім быў шлях у прафесію? Вы марылі аб прафесіі медыцынскага работніка яшчэ са школьных гадоў?
— Вядома. У школе, калі рабілі прышчэпкі вучням і пахла эфірам, мне вельмі хацелася быць медыцынскім работнікам. Пасля заканчэння 8 класаў Кашалеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна паступіла ў Юрацішкаўскае медвучылішча. Правучыліся адзін год, і наша медвучылішча перавялі ў г. Гродна, якое закончыла ў 1977 годзе па спецыяльнасці «медыцынская сястра».
— Вашы спадзяванні збыліся поўнасцю?
— Па абранай спецыяльнасці працую 48 год і не шкадую аб сваім выбары. Мне прафесія падабаецца, і на заслужаным адпачынку хаджу на працу. У маёй біяграфіі ёсць цікавы факт: пасля заканчэння медвучылішча была накіравана ў Лукскую бальніцу, дзе адпрацавала два гады. Выйшла замуж, пераехала ў Карэлічы і перайшла працаваць у раённую бальніцу. На пенсіі шэсць гадоў зноў працую ў Луках. Паехала часова, на два тыдні, а засталася і не шкадую.
— Лукская зямля славіцца працавітымі людзьмі і навакольнымі краявідамі. Чаму Вы прыкіпелі да гэтых мясцін?
— Я пачынала тут працаваць у юнацтве і шмат каго ведаю. Прырода зачароўвае і дыхаецца лягчэй. Вынікі працы добрыя: у 2019 і 2021 гадах занялі першае месца ў спаборніцтве сярод бальніц сястрынскага догляду вобласці.
— Чым вызначаецца штодзённая праца ў Лукскай бальніцы сястрынскага догляду?
— У Лукскай бальніцы сястрынскага догляду — 25 чалавек. Гэта састарэлыя адзінокія людзі і інваліды. За імі ажыццяўляецца пастаянны догляд. Вельмі важна і добрае слова.
— Па Вашым меркаванні, якімі рысамі характару павінен валодаць медыцынскі работнік?
— Чуласць, спагада, дабрыня. Хвораму патрэбна падтрымка, трэба ўмець выслухаць і супакоіць. Як вядома, лечаць не толькі лекі, а ўвага і клопат іншых.
— Немалаважную ролю адыгрывае калектыў, у якім працуе чалавек. Вам пашанцавала ў гэтым?
— Калектыў дружны. Наш кіраўнік Людміла Уладзіміраўна Падліпская строгая, граматная, добра ведае справу ды ўсе работнікі з пачуццём адказнасці адносяцца да працы і ўважліва да пацыентаў.
— Здароўе — найкаштоўнейшы дар. Па Вашым меркаванні, наколькі яно залежыць ад урачоў і чалавека?
— Шмат залежыць і ад самога чалавека. Трэба весці здаровы лад жыцця, шмат рухацца, не злоўжываць спіртнымі напоямі. Трэба мець і любімую справу, якая ўзнімае настрой, і з задавальненнем ідзеш на працу — і гэта свайго роду эліксір для душы. Вядома, людзі павінны сачыць за сваім здароўем і пастаянна праходзіць дыспансерызацыю.
— За гады працы прыйшлі вопыт і майстэрства. Што асабліва засталося ў памяці?
— 48 гадоў працоўнага стажу — неяк не верыцца. Час прайшоў хутка. Успамінаюцца больш першыя гады працы. Усё было ўпершыню і нязведана. Да ўсяго хацелася дайсці самой і да драбніц спазнаць прафесію, і гэта ўдалося зрабіць.
— Каб, скажам, пачаць жыццё спачатку, з чаго пачалі б зараз?
— Я б пражыла гэтак жа і выбрала прафесію медработніка. Гэта ўвесь сэнс майго жыцця.
— Ці ёсць у Вас мара?
— На першым месцы — здароўе дзяцей і ўнукаў. Хочацца пажыць і паглядзець на жыццё, якім будзе заўтрашні дзень, і каб ён быў мірным.
— Вашы пажаданні калегам па працы з нагоды прафесійнага свята.
— Здароўя і цярпення на працы, а ў асабістым жыцці — жаночага шчасця, сямейнага дабрабыту, увагі ад дзяцей.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ
http://www.polymia.by/