У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Ашмянах прайшоў мітынг “Мы не забудзем вас, героі”
Ля брацкай магілы ў гарадскім парку сабраліся прадстаўнікі органаў мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь, каб узгадаць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў доўг па абароне Айчыны, хто падарыў нам магчымасць жыць пад мірным небам у незалежнай краіне, працаваць і развіваць свае здольнасці, памнажаць дабрабыт Беларусі.
Пасля ўрачыстага выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь да прысутных звярнуўся старшыня раённага аб’яднання ветэранаў палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Бельчанка.
— Мы адзначаем сёння галоўнае свята нашай краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтыя святочныя дні мы аддаём даніну павагі пераможцам, схіляем галовы перад іх подзвігам, успамінаем пайменна тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе за свабоду Радзімы. У памяць аб загінуўшых мы прыходзім да Вечнага агню, брацкіх магіл і помнікаў воінскай славы, на якіх высечаны імёны пераможцаў, -адзначыў Уладзімір Бельчанка. — Сёння ля брацкай магілы воінаў, якія вызвалялі наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы выражаем падзяку загінуўшым і жывым ветэранам Вялікай Айчыннай. Яны, як і раней, застаюцца ў нашых сэрцах сапраўднымі патрыётамі Радзімы, якія ў самай цяжкай кровапралітнай вайне адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны. Наш доўг – памятаць аб гэтым, праяўляць няспынны клопат аб ветэранах, вязнях і ўдзельніках тых трагічных ваенных гадоў, беражліва захоўваць кожную крупінку праўды аб вайне і не дапускаць яе скажэння.
Ён напомніў аб тым, што ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці, недапушчэнню рэабілітацыі нацызму.
Мінутай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі мітынгу памяць усіх, хто не вярнуўся з франтоў, хто на полі бою і ў тыле набліжаў Вялікую Перамогу. Завяршыўся мітынг ускладаннем кветак і вянкоў да падножжа помніка загінуўшым воінам.