“Бацькава булка” – водар Айчыны (+відэа)

У Свіслачы сёння шматлюдна, сонечна, музычна, весела і вельмі прыгожа. Усіх сабраў каравай-фэст “Бацькава булка”.





Афіцыйная частка пачалася з пытання: “Чаму свята называецца “Бацькава булка?”.  А вось і адказ: У мінулым годзе з візітам на Свіслаччыне пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Тады ён наведаў свіслацкую хлебапякарню, пачаставаўся мучнымі вырабамі і пахваліў, сказаўшы, што гэта вельмі смачны хлеб. І пайшло – бацькава булка!

З прывітальным словам да ўсіх, хто прыйшоў, прыехаў зблізку і здалёк, звярнулася старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Яна выказала словы ўдзячнасці хлебаробам, ўсім тым, хто здабывае хлеб.

– Я жадаю, каб у кожнай хаце быў хлеб і да хлеба. Шчыры дзякуй за тое, што ўзнаўляеце традыцыю шанавання хлебаробскай працы і перадаеце яе маладому пакаленню, што будзе спрыяць выхаванню сапраўдных грамадзян нашай краіны, – падкрэсліла Алена Васільеўна.

Старшыня праўлення Белкаапсаюза Алег Мацкевіч выразіў надзею, што фестываль хлеба стане традыцыйным і будзе прыбаўляць гасцямі, дасягненнямі ў хлебнай вытворчасці. І вельмі цудоўна, што ўсё пайшло са Свіслацкага філіала Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

– Сёння ў гэтым свяце прымаюць удзел усе 6 рэгіянальных абласных прадпрыемстваў спажыўкааперацыі, установы адукацыі спажыўкааперацыі, – сказаў Алег Сяргеевіч. – У дзень мы выпякаем 140 тон хлеба, 150 найменняў хлебабулачных вырабаў, займаючы 15 працэнтаў у аб’еме таго пірага, які ёсць у краіне. Вялікі дзякуй Гродзенскаму аблвыканкаму і Свіслацкаму райвыканкаму за арганізацыю свята і за запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе паміж спажыўпрадпрыемствамі.

Са сцэны зачыталі Прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча і члена камісіі парламенцкага сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове грамадскага парадку, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Віктара Лісковіча.

– Мы гэта свята праводзім у гонар тых гаспадынь, якія так ветліва і гасцінна сустракалі нашага Прэзідэнта на Свіслаччыне, у гонар гродзенскіх пекараў і ўсёй рэспублікі наогул. Гэта першае свята, якое прысвечана людзям гэтай прафесіі, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. – Я хачу сказаць словы падзякі рупліўцам хлебных ніў і палеткаў, якія, нягледзячы на спёку, робяць сваю справу, садзейнічаючы першым крокам “бацькавай булкі”, якая прыходзіць на стол кожнага з нас. “Бацькава булка” – гэта не проста свята, не проста брэнд. Гэта збіральны вобраз той стваральнай працы, якая ладзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.














І сапраўды так. Гэтаму пацверджаннем стала карта Рэспублікі Беларусь, зробленая з “Бацькавых булачак”. Кожны госць свята прыняў удзел у яе выкладанні. А карту назвалі – “Беларусь – хлебная краіна”.

У фэсце прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач, генеральны дырэктар закрытага акцыянернага таварыства СТВ Аляксандр Асіенка, старшыня Дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка, старшыні абласных праўленняў спажыўтаварыстваў і старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Гродзенскага аблвыканкама.

Са сцэны гучала многа песень і музыкі, і працягнулася свята выступленнем групы “Дрозды”. Спецыяльна на каравай-фэст выканаўцы склалі песню “Матчына ласка, бацькава булка – водар Айчыны”.

Марына ЯНЮК

Фота і відэа Таццяны КАВАЛЬЧУК

https://svisgaz.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website