Кветкавы трыпціх: пасябравалі «Анюціны вочкі», «Аксаміткі» і «Чаромушкі»

Творчыя ветэранскія калектывы «Анюціны вочкі» з Альхоўскага сельскага клуба і «Аксаміткі» з «Чаромушкамі» з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дагэтуль былі проста знаёмыя. Выступалі побач некалькі разоў на розных культурных імпрэзах. Тады, падобна, і адчулі ўзаемную цікавасць.
Першы крок да больш цеснага знаёмства зрабілі альхоўцы: запрасілі астраўчан на пасяджэнне свайго клуба «Залаты ўзрост». Ангажэмент быў прыняты, і неўзабаве  аматары сцэны з ТЦСАН  адправіліся ў госці да будучых сяброў. Вядома ж, з музычнымі падарункамі.
Канцэртная праграма была насычаная: песні,  агульнавядомыя і аўтарскія, народныя танцы даўнейшай пары і цяперашнія,  паэтычныя, лірычныя і гумарыстычныя творы. Кожны нумар гледачы сустракалі добразычліва, з захапленнем,  заўзята пляскалі ў далоні,  паціху падспеўвалі і гучна адбівалі такт. А калі кіраўнік  «Аксамітак» Васіль Карпец распачаў папуры з песень нашай маладосці, іх падхапілі ўсе  прысутныя: бабулі і ўнукі, людзі сярэдняга ўзросту. Аказваецца, любімыя песні не забываюцца, жывуць, перадаюцца, як музычная эстафета, з пакалення ў пакаленне.
І танцы таксама. Калі нашы «Чаромушкі»  ўслед за сваім кіраўніком Тамарай Батура выходзяць на сцэну ды паказваюць  заліхвацкія «каленцы з выкрутасамі» ў польцы, кадрылі, кракавяку, зала літаральна ўзрываецца  воклічамі захаплення.  Так было і на гэты раз у Альхоўцы.
На развітанне гледачы пажадалі сфата­графаваца з артыстамі. Ва ўсіх сэрцы поўніліся цеплынёй ад сустрэчы сяброў.

Текст: Таисия Семёнова
https://www.ostrovets.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website