“Актыўнае даўгалецце” ў астравецкай бальніцы
Экскурсія па цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы, наведванне яе музея, абмеркаванне хвалюючых пытанняў – прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі пабывалі ва ўстанове аховы здароўя ў рамках рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце – 2030».
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя да 2030 года працягласць жыцця людзей, старэйшых за 60 гадоў, павялічыцца на 34%. Згодна з дэмаграфічным прагнозам у Беларусі пажылыя грамадзяне ў гэты час будуць складаць больш за 20% насельніцтва краіны. Каб забяспечыць ім добрыя ўмовы для захавання здароўя і падтрымання актыўнага ладу жыцця, у канцы 2020 года зацвердзілі нацыянальную стратэгію «Актыўнае даўгалецце – 2030».
У мінулым годзе прэзідыум раённага савета ветэранаў наведаў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе дэманстравалі метады работы і ўзаемадзеяння з людзьмі сталага ўзросту. Сёлета мерапрыемства па рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі прайшло на базе раённай бальніцы.
Сустракаў гасцей галоўны ўрач Уладзімір Мажэйка, які, перш чым правесці экскурсію па ўстанове, падкрэсліў, што чакае ад наведвальнікаў адкрытага дыялогу і зваротнай сувязі, каб у далейшым улічыць заўвагі і прапановы ў рабоце.
Госці ўбачылі ўмовы, у якіх пацыенты праходзяць рэабілітацыю, зазірнулі ў кабінеты вода- і гразелячэння, даведаліся пра магнітна-рэзанансную тамаграфію і шмат іншай інфармацыі. Дарэчы, для большасці было адкрыццём, што тут дзейнічае гульнявы пакой цэнтра ранняга ўмяшання «Маё дзіця – мой цэнтр».
– Пакой знаходзіцца тут часова, бо ў далейшым плануем перанесці цэнтр ранняга ўмяшання ў будынак паліклінікі, і выглядаць ён будзе па-іншаму, – адзначыў Уладзімір Часлававіч.
Эпагеем экскурсіі было наведванне музея бальніцы, які выклікаў захапленне. Гісторыя лячэбнай установы з 1944 года, вытрымкі з кніг загадаў, медыцынскія прылады розных гадоў, узнагароды, фотаздымкі… Гэта трэба ўбачыць, а таксама пачуць цікавы расповед галоўнага ўрача. Без перабольшвання: такім музеем можна ганарыцца.
Пры падвядзенні вынікаў прэзідыум раённага савета ветэранаў аднагалосна прызнаў работу раённай бальніцы па выкананні нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце – 2030» станоўчай. І ў знак удзячнасці за супрацоўніцтва з ветэранскай арганізацыяй, а таксама за клопат пра сталых людзей яе старшыня Ірына Шляхтун уручыла Уладзіміру Мажэйку Падзячны ліст.