Жыхарка Карэліцкага раёна 1 студзеня адзначыла 100-гадовы юбілей

Жыхарка Карэліцкага раёна 1 студзеня адзначыла 100-гадовы юбілей

Нарадзілася Сафія Якаўлеўна ў 1924 годзе..

1 студзеня адзначыла свой стагадовы юбілей Сафія Якаўлеўна Каспяровіч з  вёскі Лясок Красненскага сельскага Савета, піша polymia.by. Дасягненне гэтага саліднага ўзросту – вельмі значная падзея, таму што нямногім лёс дорыць такое даўгалецце. Годнае жыццё гэтага чалавека, як сцэнар кінафільма, захоплівае, здзіўляе і шмат чаму вучыць.

Нарадзілася Сафія Якаўлеўна ў 1924 годзе ў в. Лясок. У сям’і  была адна, бацька памёр,  калі яна была яшчэ малая. Гадавала  адна маці,  цяжка даводзілася жыць, многа трэба было працаваць. Калі дзяўчыне споўнілася васямнаццаць гадоў,  выйшла замуж за мясцовага юнака Аляксея.

Касперович_100-лет00004-795x530.jpg

– Хутка ў нас нарадзіўся старэйшы сын Мікалай. А калі  ў 1941 годзе пачалася  вайна, мой Аляксей пайшоў на фронт. Вельмі складаным было жыццё: жылі ў беднасці і страху, але нягледзячы на гэта,  усё роўна стараліся дапамагаць нашым салдатам – калі ежай, а калі  нават і начлег у хаце давалі. Не раз наведваліся ў хаты вяскоўцаў і немцы,  – успамінае жанчына.

Сафія Якаўлеўна і Аляксей Кірылавіч  выраслі побач, сябравалі з дзяцінства,  прайшлі выпрабаванне расстаннем і ў згодзе пражылі больш як сорак  гадоў. За гады сумеснага жыцця  пабудавалі дом, выхавалі дваіх дзяцей, а дзвюх дачушак пахавалі, калі тыя былі яшчэ маленькія. Сын Мікалай усё жыццё працаваў рабочым у розных арганізацыях  г. п. Карэлічы, а дачка Ірына была настаўнікам беларускай мовы і літаратуры адной з Мінскіх школ.  Сужэнцы заўсёды славіліся сваёй працавітасцю.

Сафія Якаўлена ў мясцовай гаспадарцы і жала, і касіла, і лён падымала, і арала, і нават людзей на падводзе вазіла, адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Да 92 гадоў пражыла ў в. Лясок. Жанчына садзіла агарод, трымала курэй і ёй цяжка было ўявіць, што некалі яна будзе жыць у гарадской кватэры. Вось ўжо пяць гадоў пра яе клапоціцца  ўнук Сяргей з жонкай Таццянай. Вялікая радасць для яе – трое ўнукаў, трое праўнукаў і чатыра прапраўнукі.

Спыталася ў юбіляршы, як атрымалася так добра выглядаць і адчуваць сябе, што да гэтага часу вочы гараць, энергія не згасае? Жанчына расцэньвае гэта як падарунак ад Бога. Яе сакрэт просты: рабіце толькі дабро і не жадайце нікому зла.

– Калі мяне хтосьці крыўдзіў, усім даравала, злосці ні на каго не трымала. Сама нікому ніколі не зрабіла нічога дрэннага. Вось такія простыя, але важныя прынцыпы, – з упэўненасцю сказала суразмоўца.

Урачыста павіншавалі юбіляра ганаровыя госці на чале з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Інай Богуш.

Касперович_100-лет00003-800x526.jpg

Звяртаючыся да імянінніцы, Іна Аляксандраўна адзначыла:

– Сто гадоў – гэта сур’ёзны ўзрост. Прыемна, што Вы пражылі годнае жыццё, Вамі ганарацца і сваякі, і землякі. Радуе, што да гэтай даты  падышлі ў добрым стане духу, захаваўшы і фізічную моц. Хочацца пажадаць Вам здароўя, каб кожны дзень прыносіў радасць, а блізкія людзі заўсёды былі побач.

Словы віншавання  прагучалі ад  дырэктара ЦСАН Карэліцкага раёна Інэсы Сямібратавай, намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК ”Маяк-Заполле” Вольгі Грыгаровіч і  піянераў СШ №2 г.п. Карэлічы.

Касперович_100-лет00001-795x530.jpg

Асабліва парадавалі стагадовую юбіляршу Дзед Мароз і Снягурачка,  а таксама музычны падарунак ад гасцей і супрацоўнікаў  ЦСАН Карэліцкага раёна.

Касперович_100-лет00006-795x530.jpg

Бабулька, якая перасягнула векавы юбілей, дрэнна чуе, але пажадаць дабра, міру і здароўя яна змагла ўсім, хто яе віншаваў.Бываюць людзі, сустрэчы з якімі не проста акрыляюць і дораць зарад добрага настрою і энергіі. Яны не забываюцца нават праз гады, бо асобы гэтыя, нібы каштоўныя камяні, нясуць на сабе адбітак гістарычных вехаў  краіны.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website