Жыццёвы калаўрот. Народны драматычны калектыў «Мудрость Плюс» запрасіў навагрудчан на чарговую прэм’еру спектакля

У Сусветны дзень тэатра, які штогод адзначаецца 27 сакавіка, у Навагрудку не абыйшлося без прэм’еры спектакля. На гэты раз народны драматычны калектыў «Мудрость Плюс» запрасіў навагрудчан на чарговую пастаноўку пад назвай «Жыццёвы калаўрот».

Гледачы, а іх ва ўтульнай зале раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці сабралася шмат, засталіся ў поўным захапленні ад ігры на сцэне артыстаў, якім далёка за 60 гадоў. А аднаму наогул амаль 91 год.
З часу заснавання і па сённяшні дзень народны драматычны калектыў не перастае радаваць гледачоў сваёй непаўторнай артыстычнай дзейнасцю. «Мудрость Плюс» стаў для творчых жыхароў нашага горада сапраўдным адпачынкам, спосабам рэалізаваць сябе.
Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі Ганна Барысава (Барбі), Вячаслаў Баброўскі (Данік) і Сафія Закрэўская (Чапушыха). Ігра галоўных герояў і акцёраў другарадных роляў – вышэй усялякіх пахвал. Усе са сваімі ролямі справіліся на выдатна. І нават не скажаш, што на сцэне – не знакамітыя акцёры, а простыя навагрудчане, якія яшчэ не так даўно працавалі выкладчыкамі, бухгалтарамі, будаўнікамі, банкаўскімі работнікамі, якія зараз на заслужаным адпачынку, але ў якіх шмат творчых здольнасцяў.
Зараз так удала і гарманічна яны выступаюць на сцэне. А спектакль «Жыццёвы калаўрот» паводле п’есы В. Ткачова «Таблетка ад старасці» ў перапрацоўцы ўдзельніка калектыву Вячаслава Баброўскага – пятая пастаноўка ў рэпертуары народнага драматычнага калектыву «Мудрость Плюс». Нязменным жа кіраўніком і рэжысёрам калектыву з’яўляецца Іна Гайба.
– Нягледзячы на разнастайнасць сучасных забаў, людзі працягваюць хадзіць у тэатры. І не важна, што глядзець – спектакль ці мюзікл, трагедыю ці камедыю. Галоўнае – эмоцыі, якія кранаюць душу, – адзначыла Іна Аляксандраўна. – А станоўчыя эмоцыі мы прывыклі дарыць нашым гледачам. Не абыйшлося без іх і падчас прэм’еры новага спектакля. Сюжэт новай пастаноўкі можна назваць жыццёвым калаўротам узаемаадносін мужчын і жанчын, сямейных каштоўнасцей, гарадскога і вясковага ладу жыцця.
Сапраўды выдатны зарад бадзёрасці, пазітыўных эмоцый і натхнення атрымалі ўсе, хто прыйшоў на прэм’еру спектакля. І не толькі дарослыя, але і дзеці прысутнічалі ў зале. Гледачы дзякавалі за пастаноўку, расказвалі пра свае перажыванні, узгадвалі знаёмых, з лёсаў якіх нібы скапіраваны вобразы герояў. Гэта і не дзіўна, бо п’еса напісана на падставе рэальных падзей. У галоўных героях гледачы пазнавалі калі не сябе, то сваіх родных, знаёмых. Асабліва дзякавалі артыстам і рэжысёру за сакавітую беларускую мову. Дарэчы, усе пастаноўкі народнага драматычнага калектыву толькі на роднай мове. Спектакль «Жыццёвы калаўрот» атрымаўся цікавы і пазітыўны, у бліжэйшы час з ім артысты завітаюць і ў сельскія дамы культуры, парадуюць сваім талентам не толькі гараджан.
Вольга Пісар, «НЖ»
Источник: газета «Новае жыццё», https://novgazeta.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website