Вясковая жыхарка Яніна Тарас захоўвае самабытныя традыцыі Прынёманскага краю

 

Нарадзілася Яніна ў вёсцы Борці ў 1949 годзе.

DSC00778+.jpg

За сваё доўгае жыццё 77-гадовая жыхарка вёскі Турэйск Шчучынскага раёна Яніна ТАРАС выткала і вышыла больш за сотню прыгожых радзюшак, ходнікаў, ручнікоў, абрусаў, сурвэтак, навалачак, звязала безліч рэчаў. Простая сялянская жанчына, чые рукі зведалі цяжкую працу і самабытнае мастацтва, захавала ў сваіх вырабах прыгажосць Прынёманскага краю і спадчыну продкаў. 

Нарадзілася Яніна ў вёсцы Борці ў 1949 годзе. У сям’і было пяць дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе, але кожную вольную хвіліну аддавалі творчасці. Тата, Уладзімір Антонавіч Мазоль, быў адмысловым майстрам па вырабу валёнак і валёначак. Мама, Марыя Францаўна, шыла, прала і ткала, як многія тагачасныя кабеты. Гледзячы на іх, дзяўчынка таксама пачала ствараць рукатворную прыгажосць. Не дзіва, што пасля восьмага класа Сарокінскай школы бацькі адправілі яе вучыцца швейнай справе да вядомай на ўсю акругу швачкі.

– Вучыцца мне падабалася, і шыць падабалася, – успамінае Яніна Уладзіміраўна. – А дзеля заробку па вечарах прыбірала памяшканне клуба, потым працавала на ферме ў Пятрашках, 15 кароў рукамі даіла. Працавала цяжка, ніякай механізацыі тады не было, а адказнасць – вялізная. 

У 1969 годзе каравокая прыгажуня пазнаёмілася з Віталём Тарасам з Турэйску. Лёсавызначальная сустрэча вылілася ў доўгі моцны шлюб. Яня прыйшла ў прынёманскую вёску з адмысловым “пасагам” – вытканымі ды вышытымі ручнікамі, абрусамі, навалачкамі, прасцінамі з падзорамі. Захапленне сваё не кінула, хаця гадавала трох дзетак, у калгасе працавала, падтрымлівала сямейны ачаг, вяла хатнюю гаспадарку ды агарод даглядала.

DSC00991.JPG

– Турэйскія жанчыны ткалі посцілкі-“паўтрацёўкі”, – расказвае Яніна Уладзіміраўна. – Такія прыгожыя, вялікія. І я навучылася. Была цудоўная кампанія: маладыя, спрытныя Фаня Парфіновіч, Геня Іванчык, Надзя Тарас, Шура Грыц. У каго хата большая, – там і збіраліся (кросны былі амаль у кожнай хаце, а адна такую работу не зробіш, толькі супольна). Ткалі, спявалі, абмяркоўвалі справы і жыццё, дзяліліся рацэптамі. Дарэчы, аснова посцілкі – лён, а выткана яна ваўнянымі ніцямі, якія спецыяльна фарбавалі, каб кветкі былі рознакаляровымі. 

З-пад рук Яніны Уладзіміраўны выходзілі радзюшкі, што паўтараюць узоры беларускіх лугоў, абрусы, дзе кожная лінія – сведчанне пра любоў да зямлі, а колер – вясновыя кветкі, летнія ягады, восеньскае лісце і бялюткія снежныя пейзажы. Пашытыя яе рукамі спадніцы і сукенкі насілі многія вясковыя модніцы, а вязаныя рэчы сагравалі ўсю сям’ю.

DSC00928.JPG

З мужам Яніна Уладзіміраўна пражыла 54 гады. Ён адышоў у нябыт два гады таму, пакінуўшы добрую памяць пра сябе ў сэрцах жонкі, дзяцей і аднавяскоўцаў. Дзеці выраслі дружныя, працавітыя. Старэйшы сын Сяргей – пенсіянер, жыве ў Шчучыне, дачка Іна шчыруе на „Конте Спа“ у Гродне, малодшы сын Барыс жыве ў суседняй Орлі і працуе ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”. Двое дарослых унукаў і праўнук Дамір, прыязджаючы на вёску, з асалодай слухаюць гісторыі бабулі пра колішняе жыццё. А на святы за вялікім бацькоўскім сталом збіраецца ўся сям’я – дванаццаць чалавек. Румяныя пірагі, рулеты, бліны і іншыя прысмакі ад матулі – найсмачнейшыя на свеце!

Некалькі гадоў таму добрая жанчына з сынам выхадзілі-выкармілі бусліка Федзю, які выпаў з гнязда, і нават навучылі лятаць. Праз гэта сталі “зоркамі” многіх рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. І цяпер кожную вясну, дачакаўшыся прылёту белых птушак, шукаюць сярод іх свайго гадаванца.

Яніна Уладзіміраўна з гонарам паказвае сваю калекцыю, свой “скарб” – сапраўдныя творы мастацтва, вырабленыя напрацаванымі рукамі. Кожны выраб – сімвал адыходзячай эпохі, сведчанне пра людзей і падзеі, што адбываліся на яе вяку. У кожным узоры – частка душы і любоў да мясцін, дзе нарадзілася і жыве. Пры гэтым яна не лічыць сябе майстрыхай (кажа, раней кожная вясковая кабета магла стварыць падобнае), для яе гэта – нягучны спосаб расказаць гісторыю свайго жыцця.

DSC00922+.jpg

DSC01010.JPG

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*
*
Website