«Берагіня» і «Траўніца» падабаюцца турыстам

Алена Шахава з Жухавічаў Карэліцкага раёна стварае самабытныя лялькі з лёну і навучае гэтаму рамяству дзяцей і дарослых.
Ва ўтульным пакойчыку Жухавіцкага Дома культуры погляд прыцягваюць лялькі ручной працы – ад беларускіх нацыянальных да вырабаў з фетру. Тут уладарыць іх стваральніца і кіраўнік гуртка «Чароўны куфэрак» Алена Шахава.
У 1995 годзе жанчына прыехала ў Жухавічы. Спачатку вяла ў мясцовай школе гурток мяккай цацкі. Затым перайшла ў Жухавіцкі Дом культуры.
Я моцна люблю сваю справу. Асабліва захапляе беларуская нацыянальная лялька. Ужо з самай раніцы планую, як яе пашыць. Лялька робіцца з натуральнай тканіны, у саставе якой – лён. Адзенне падбіраю ў стылі ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Беларуская нацыянальная лялька ствараецца як абярэг для дома і сям’і, выкарыстоўваецца як элемент дэкору ці культурны сувенір, які захоўвае традыцыі. Яшчэ гэта магутны абярэг ад злосці, хвароб, бедаў.
Турыстам падабаюцца лялькі «Берагіня» і «Траўніца» з вузельчыкамі солі і ўнутры з сухімі лекавымі зёлкамі, а таксама казачная цацка «Вязальшчыца», «Дзед з мяшком дабра», «Бабуля з гармонікам».
– Хацелася б адзначыць вырабы з фетру: курачку з яйкамі, філіна, саву. Фетр сам па сабе прыгожы матэрыял, і калі яго скамбінаваць, атрымліваюцца сапраўды цудоўныя рэчы, якія цешаць вока, – расказвае майстар.
У 2024 годзе Алена Шахава прымала ўдзел у ХІV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродна. Там давала майстар-клас па вырабе беларускай нацыянальнай лялькі. Наведваліся да яе журналісты тэлеканала «Беларусь-3», дзякуючы чаму аб майстэрстве Алены Рыгораўны даведаліся жыхары ўсёй краіны.
– Удзельнікі гуртка «Чароўны куфэрак» – шэсць жыхарак Вялікіх і Малых Жухавічаў, разам ствараем сапраўдныя цуды. Хачу сказаць: лялькі – гэта захапляльная творчасць, і кожную разглядаю як сапраўднае тварэнне маіх рук і рук удзельніц гуртка. Мы нясём радасць людзям. І гэта ўсё ад таго, што кожная зроблена з вялікай любоўю, і ад гэтага такое замілаванне ахоплівае душу, – падзялілася Алена Рыгораўна.
Источник: «Гродненская правда», https://grodnonews.by/news/zhizn/_interesnye_sobytiya_grodnenshchina.html